У Польскім Сейме разглядаюць законапраект аб Канстытуцыйным судзе
„Канстытуцыйны суд мусіць прымаць рашэнні ў поўным складзе , хіба што закон гаворыць інакш. Поўны склад – гэта 13 з 15 суддзяў трыбуналу”, – гэта некаторыя запісы новага праекту закона аб Канстытуцыйным судзе , які трапіць на абмеркаванне Сейму аўтарства дэпутатаў “Права і справядлівасць”. Сёння таксама будзе разгледжаны праект закона аб банках. Як адзначыла на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер-міністр Польшчы Бэата Шыдла, галасаванне па гэтых праектах – тэст для апазіцыі:
– Час супакоіцца і знайсці выйсце з гэтага палітычнага тупіка. Ёсць праект закона, які можа гэтую сітуацыю згладзіць і ў рэшце рэшт давесці да канструктыўнага вырашэння. Сёння ў Сейме будзе разглядацца яшчэ адзін важны закон, ён накіраваны ў Сейм для таго, каб можна было праз атрыманне дадатковых даходаў у грамадскі бюджэт рэалізоўваць добрыя праграмы.
Апазіцыя вельмі крытыкуе праект папраўкі закона, дэпутат Грамадзянскай платформы Барыс Будка адзначыў, што ён быў апублікаваны ноччу:
– Ніякія выступленні пані Шыдло не схаваюць таго, што насамрэч адбываецца – гэта чарговая спроба замаху на Канстытуцыйны суд.
Партыя Права і справядлівасць атрымала падчас апошніх выбараў большасць ў Польскім Сейме і можа прагаласаваць без апазіцыі прапанаваны праект. Апазіцыя лічыць, што папраўка закона аб трыбунале – гэта спроба паралізаваць працы трыбуналу.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tvn24.pl