Андрэй Суздальцаў: Нічога талковага не атрымалася



Палітолаг Андрэй Суздальцаў распавядае пра вынікі сустрэчы ў Маскве Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Андрэй Суздальцаў: Нічога талковага з гэтай сустрэчы не атрымалася. Бо якія галоўныя праблемы павінны былі вырашыць Лукашэнка з Пуціным? Першая: Беларусь плануе атрымаць крэдыт ад Расеі, але, хутчэй за ўсё, пытанне засталося адкрытым. У Масквы вялікія сумненні ў гатоўнасці суседняй краіны выконваць умовы атрымання пазыкі. А ўмовы гэтыя куды больш жорсткія, чым у Міжнароднага валютнага фонду, Расея выступае супраць захавання ў Беларусі старой эканамічнай сістэмы. Таксама Беларусь лічыць, што, як саюзнік, яна мае права атрымліваць расейскую нафту па самых танных коштах. Акрамя гэтага, існуе шмат пытанняў па пастаўках беларускіх тавараў на рынак Расеі, хоць апошняя паабяцала больш лаяльна адносіцца да рэшты няякаснай прадукцыі з Беларусі. Адзінае пытанне, якое вырашана, дык гэта тое, што знята праблема па экзаменах на рускай мове для беларусаў. Вось і ўсе саступкі з боку Расеі.

РР: Чаму, на ваш погляд, не разглядалася пытанне расейскай авіябазы ў Беларусі? Ва ўсялякім разе так было заяўлена…

Андрэй Суздальцаў: Тут насамрэч не было ніякага рашэння, пытанне павісла ў паветры. Тым не менш, Расея нагадала Лукашэнку пра факт удзелу Беларусі ў Арганізацыі Дамовы па калектыўнай бяспецы, і, зыходзячы з гэтага, пытанне авіябазы вырашальнае. Калі Беларусь – саюзнік, то і база там можа быць. Калі не саюзнік, тады іншая справа. У такім выпадку краіна можа пазбавіцца вялікай фінансавай падтрымкі.

РР: Адным словам, канфлікт інтарэсаў працягваецца?

Андрэй Суздальцаў: Так, ёсць шэраг нявырашаных пытанняў. Яны не глабальнага характару, але існуюць. Да таго ж, Маскву вельмі напружвае, што многія краіны, з кім Расея канфліктуе, імгненна трапляюць у сябры да афіцыйнага Менску. Таму не варта было нават і чакаць нейкіх вялікіх вынікаў ад гэтай сустрэчы.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя