Мітрапаліт Павел заклапочаны праблемай прасоўвання неапаганства



Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі занепакоены праблемай прасоўвання неапаганства. Пра гэта ён заявіў сёння журналістам на сходзе Менскай епархіі.

Кажучы пра неапаганства, экзарх адзначыў: „Гэта новая з’ява, якая рознымі шляхамі спрабуе прыўнесці ў свядомасць людзей ідэю, што разбэшчвае душу”. Паводле яго слоў, гэтая праблема паўстала як у Беларусі, так і ў іншых краінах. Пры гэтым неапаганства прасоўваюць пад выглядам пабожнасці і вяртання да вытокаў. „Нам прапануюць вярнуцца да паганства, але не да таго, якое сапраўды было да хрышчэння Русі, а да ўжо перакручанага. Яно напоўнена і акультызмам, і шаманізмам, і самымі подлымі забабонамі, якіх не было ў тыя далёкія часы. Людзі былі хоць і паганцы, але нашмат чысцей, чым нам сёння прапаноўваюць”, – падкрэсліў іерарх.

„Ніякія абярэгі і знешнія формы не прыводзяць нас да Бога. Пад гэтымі быццам бы старажытнымі традыцыямі ў наша жыццё спрабуюць прыўнесці такія ідэі, якія руйнуюць наша жыццё, робяць чалавека жорсткім. У свядомасць людзей насаджаецца эгаізм”, – сказаў мітрапаліт.

Ён адказаў на пытанні з нагоды магчымага ўвядзення ў абавязковую школьную праграму прадмета па духоўна-маральным каштоўнасцям. „Пакуль гэта робіцца факультатыўна. Хочаш – ідзі, не хочаш – можаш не хадзіць”, – сказаў мітрапаліт. Ён хацеў бы, каб прадмет увайшоў у асноўную праграму. У той жа час экзарх выступае супраць навязвання якіх-небудзь ідэй дзіцяці. „Мы не хочам усіх загнаць у манахі. Мы выдатна разумеем, што ў людзей можа і павінен быць выбар у жыцці”, – сказаў ён.

Прадстаяцель БПЦ адзначыў, што не так даўно кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў праваслаўных і каталіцкіх іерархаў зрабіць усё магчымае, каб захаваць духоўна-маральныя каштоўнасці беларускага народа. „За гэтым стаіць росквіт нашай Бацькаўшчыны, дабрабыт нашага народа”, – лічыць экзарх.

belta.by