Ці прызнае міжнародная грамадскасць палітвязнем Міхаіла Жамчужнага?



Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік распавядае пра «справу Жамчужнага», якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, і сваё ліставанне з ім.

Нагадаем, у ліпені адзін з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Платформа інавэйшн» Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6,5 гадоў калоніі строгага рэжыму. Яго звінавацілі паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыццё звестак, якія маюць службовую тайну; незаконнае набыццё сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, якая складае службовую таямніцу; даванне хабару. Усе інкрымінаваныя Жамчужнаму эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці здзяйсняліся ім у межах аператыўнага эксперыменту пад кантролем УКДБ па Віцебскай вобласці.

Не так даўно беларускія праваабаронцы прызналі, што асуджэнне Міхаіла Жамчужнага з’яўляецца «неабгрунтаваным і палітычна матываваным».

Леанід Свецік: Мы перапісваемся з Міхаілам, зыходзячы з апошняга ліста, ён яшчэ не ведаў на той момант, што яго прызналі палітвязнем. А ўвогуле, у лістах ніколі не скардзіцца. Ні тады, калі быў у СІЗА, ні падчас каранціну, ні цяпер. Кажа, што стасункі з адміністрацыяй калоніі нармальныя, усё астатняе таксама можна цярпець. Адзінае, чаго не хапала, дык гэта гадзінніка і радыёпрыёмніка. Ёсць некаторыя праблемы з перадачай гэтых рэчаў у калонію. Іх, дарэчы, ужо купілі нашы віцебскія актывісты.

РР: На ваш погляд, ці прызнае міжнародная грамадскасць палітвязнем Міхаіла Жамчужнага?

Леанід Свецік: Пабачым, гэта ж так хутка не адбываецца. Да таго ж, пакуль сказалі сваё слова толькі праваабаронцы, але ж павінны вызначыцца з тым, ці засталіся ў беларускіх турмах палітвязні, і нашы апазіцыйныя палітыкі. Думаю, ад гэтага таксама будзе залежыць рэакцыя міжнародных праваабарончых арганізацый.

РР: А вы што думаеце па “справе Жамчужнага”? Чалавека наўмысна справакавалі на злачынства за яго грамадзянскую дзейнасць ці ён сам падставіўся?

Леанід Свецік: Мне цяжка сказаць, бо не знаёмы з усімі дакументамі, якімі аперыруюць праваабаронцы, і на падставе якіх прынялі сваё рашэнне. Але сам Міхаіл у лістах слова “правакацыя” не ўжывае. Кажа, што ў адносінах да яго былі “прадпрынятыя не зусім законныя меры”.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя