Амерыканскі дыпламат наведвае Палессе
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд наведвае Піншчыну. Візіт адбываецца ў межах рэалізацыі праекта, прысвечанага 80-годдзю амерыканскай экспедыцыі на Палессі. Навуковая вандроўка адбылася ўвосень 1934 года, яе арганізавала Луіза Арнер Бойд.
Скот Роланд правядзе сустрэчу з кіраўніцтвам Пінска і Пінскага раёну, пасля чаго адбудзецца прэзентацыя дакументальнага фільму і фотаальбома “Палессе Луізы Бойд”.
Краязнаўца Эдуард Злобін адзначыў, што адбываецца ўрачыстае вяртанне амерыканскай вандроўніцы на Палессе:
— Я б сказаў, што гэта нейкі бумеранг, які здараецца ў гісторыі. Тады, 80 гадоў таму, у 30-я гады ХХ стагоддзя яна засняла, і цяпер нібы яна сама зноў прыязджае да нас на Палессе.
Луіза Бойд зрабіла на Палессі амаль 700 здымкаў, дзякуючы якім Захад і Злучаныя Штаты Амерыкі ўпершыню дакрануліся да краіны багнаў і рэк. З палескай спадчынай амерыканкі добра знаёмыя ў Польшчы, ЗША і Нямеччыне. Цяпер чарга дайшла да Беларусі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя