Лукашэнка перапрызначыў прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў



Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэне пра перапрызначэнні прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў. Пра гэта ён заявіў 16 снежня на нарадзе па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічннага развіцця.

„Перш за ўсё размова пойдзе пра склад будучага ўрада і некаторых актуальных пытаннях у эканоміцы, асабліва ў плане ўчарашніх перамоў у Маскве”, – сказаў Лукашэнка.

„Што да складу ўрада, я сёння прыняў рашэнне аб прызначэнні членаў урада, якія прысутнічаюць тут, на адпаведныя пасады – прэм’ер-міністра і віцэ-прэм’ераў. І хацеў бы пачуць ваш пункт гледжання, вашу ацэнку міністраў, якія працуюць зараз, перш чым канчаткова сфарміраваць урад”, – цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Праўда, нас (я некалькі разоў заўважаў гэта) пакрытыкоўваюць у гэтак званай апазіцыйнай прэсе, што не прызначаецца ўрад, – дадаў ён. – Проста забыліся, напэўна, што ўрад быў сфарміраваны яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. Так другі раз у нашай гісторыі мы робім, каб людзі бачылі, хто будзе працаваць ва ўрадзе, калі гэтага прэзідэнта абіраюць”.

„Але тым не менш мы тады дамовіліся, што пройдзе нейкі час, паўгода, крыху больш, і будзе магчымасць і нам паглядзець на працу новага складу, і людзям вызначыцца, якія папрацуюць ва ўрадзе, можа ім не спадабаецца”, – нагадаў Лукашэнка.

„У нас існуе працаздольны ўрад. Але юрыдычна яго трэба перапрызначыць, унесці прапанову па прэм’ер-міністру на ўзгадненне Палаты прадстаўнікоў”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.

Адпаведныя ўказы будуць падпісаныя найбліжэйшым часам.

Такім чынам, Савет міністраў Беларусі па-ранейшаму будзе ўзначальваць 55-гадовы Андрэй Кабякоў, прызначаны на гэту пасаду 27 снежня 2014 года. Першым намеснікам прэм’ер-міністра з’яўляецца Васіль Мацюшэўскі, віцэ-прэм’ерамі – Анатоль Калінін, Наталля Качанава, Міхаіл Русы і Уладзімір Сямашка.

11 кастрычніка ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары, па выніках якіх Аляксандр Лукашэнка пяты раз стаў прэзідэнтам. 16 кастрычніка ўрад склаў паўнамоцтвы перад новаабраным кіраўніком дзяржавы, як таго патрабуе Канстытуцыя. 19 кастрычніка Лукашэнка даручыў цяперашняму ўраду выконваць свае паўнамоцтвы да фарміравання новага складу Савета міністраў.

belapan.by