Вынікі беларуска-расейскіх перамоваў застаюцца невядомымі



Агульныя фразы для прэсы не азначаюць, што перамовы Лукашэнкі з Пуціным былі безвыніковымі, мяркуе Раман Якаўлеўскі. Паводле беларускага палітычнага аглядальніка, рэальныя вынікі сустрэчаў стануць вядомыя бліжэйшымі днямі.

Нарада беларускіх сілавікоў сёння таксама не выпадковасць, лічыць Раман Якаўлеўскі:

– Раптам Лукашэнка праводзіць неанансаваную нараду сілавога боку. Я думаю, гэта звязана з яго візітам у Расею. Нам адсюль падаецца, што ў Крамлі толькі пра Беларусь і думаюць. Але гэта не так. Лукашэнку не пашанцавала, бо ў Маскве аданачасова быў дзярж-сакратар ЗША. Гэта была галоўная турбота для Пуціна. Што тычыцца Беларусі, то я так бы сказаў: база – так, а грошы – не.

У панядзлак, 21 снежня, Аляксандр Лукашэнка зноў наведае Маскву, дзе возьме ўдзел у паседжанні АДКБ. Паводле дамоўленасцяў між Менскам і Масквою, якія былі падпісаныя яшчэ ў 2013 годзе, расейская авіябаза мае размясціцца на тэрыторыі Беларусі ўжо ў будучым годзе. Паводле прэс-сакратара Пуціна, напярэдадні кіраўнікі Беларусі і Расеі пра авіябазу ў Беларусі не размаўлялі.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 1tv.ru