Чаргінец: Лукашэнка і Алексіевіч розных вагавых катэгорый



15 снежня сотня беларусаў з кветкамі сустракала нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч у менскім аэрапорце. Пры гэтым з афіцыйных асобаў былі толькі людзі ў цывільным, ніводны прадстаўнік Міністэрства культуры не з’явіўся. «Наша Ніва» спыталася ў старшыні пралукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца, чаму і ён, як пісьменнік, праігнараваў прылёт Алексіевіч.

«А вы мяне запрашалі? Ці праінфармавалі?» — сходу адказаў Чаргінец.

«Я не чытаў, што пісалі пра меркаваную сустрэчу, бо быў у камандзіроўцы, прыехаў позна. Але мог бы каго з маладых паслаць, з кветкамі, калі б ведаў пра сустрэчу», — сказаў Чаргінец.

У адказ на пытанне, ці не можа ён, як старшыня дзяржаўнага саюза пісьменнікаў паспрыяць, каб дзейнасць Святланы Алексіевіч шырэй асвятлялі дзяржаўныя СМІ, Чаргінец адказаў наступнае.

«Ну віншаванне прэзідэнта было ж… І ўвогуле, я яе шмат дзясяткаў гадоў ведаю, але таксама ж не трэба так ганьбіць Беларусь. Вось не падабаецца ёй Лукашэнка, але хай яна не параўновае вагавыя катэгорыі, нават будучы нобелеўскім лаўрэатам. Лукашэнка — прэзідэнт і робіць усё, каб быў парадак. Няма ў нас ні тэрарыстаў, ні забойстваў такіх, як у Еўропе», — разышоўся Чаргінец.

«Гэта ягоная заслуга, і яна магла б знайсці нейкія больш чалавечныя словы, бо я памятаю, як і яе настаўнік Алесь Адамовіч не зусім лаяльна ставіўся да кіраўніцтва, але з задавальненнем бегаў да яго [кіраўніцтва] на сустрэчы», — працягнуў Чаргінец і ўсё ж адзначыў, што ганарыцца тым, што слова «Беларусь» упісалася ў «сусветную літаратурную палітру».

«Гэта вялікі гонар для краіны і я думаю, пры сустрэчы мы з ёю пагаварым», — рэзюмаваў Чаргінец.