Украінскія рэформы ацэньваюцца ў краіне вельмі супрацьлегла
Частка ўкраінцаў мяркуе, што ніякіх рэформаў насамрэч не адбываецца, а ёсць толькі іх імітацыя. Частка – наадваорт, лічыць рэформы занадта радыкальнымі.
У чым змест зменаў, якія праводзяцца ва Украіне? Чаму люстрацыя, абяцаная Кіевам, не адбываецца так хутка, як чакае ўкраінскае грамадства? Ці магчымая рэстаўрацыя рэжыму Януковіча? Чаму частка беларусаў дагэтуль верыць крамлёўскім міфам пра Украіну?
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Раманам Арышчанкам, дарадцам-кансультантам Андрэя Парубія, першага заступніка старшыні Вярхоўнай Рады Украіны.
Раман Арышчанка: Ёсць ва ўкраінскім грамадстве такая думка, нібыта нічога ў краіне не змянілася. Людзі хацелі “усё і адразу”. Маўляў, рэвалюцыя адбылася, і жыццё адразу палепшыцца: запрацуюць заводы, эканамічная сітуацыя выправіцца, усе будуць атрымліваць высокія зарплаты. Насамрэч, гэта быў пэўны этап, які дазволіў распачаць рэальныя змены. А да зменаў трэба яшчэ ісці. Таму ў людзей пэўнае расчараванне. Да таго ж, адразу пасля рэвалюцыі распачалася і расейская агрэсія, што вельмі паўплывала на ўкраінскую эканоміку. Але ж змены ёсць, і яны відавочныя. Адбываецца пераатэстацыя міліцыі ў паліцыю, рэформа пракуратуры, нарэшце прынялі “Закон пра дзяржаўную службу”. Але вынікі гэтых рэформаў не будуць бачныя адразу: хіба што праз колькі гадоў…
РР: Адным з патрабаванняў Майдана была барацьба з карупцыяй. Людзі наракаюць: у дзяржаўных адміністрацыях, у міліцыі, у пракуратуры засталіся тыя ж самыя карупцыянеры, што былі за часамі Януковіча… І гэтыя карупцыянеры як выманатчвалі з людзей грошы, так і вымантачваюць…Можна спытацца: а дзе змены?
— Тут трэба не пытацца, а супрацьдзеяць! Вядома ж, чыноўнікі збіраюць грошы і з прадпрыемстваў, і з прыватнага бізнесу. Так, я згодны: вельмі многа высокапасадоўцаў засталося з часоў Януковіча. І карупцыйныя схемы засталіся ранейшымі. Пасля рэвалюцыі наспелі залатыя часы для гэтых людзей. Калі раней чыноўнікі сярэдняга ўзроўню частку хабараў перадавалі наверх, самому ўкраінскаму прэзідэнту, то цяпер ні з кім дзяліцца не трэба…
РР: То бок, гэтыя людзі плацілі «даніну» Януковічу – я правільна зразумеў?
— Менавіта так! Усе плацілі «пахану», то бок Віктару Фёдаравічу. Цяпер існуюць іншыя карупцыйныя схемы, і грошы размяркоўваюцца інакш. Паглядзіце, колькі за апошні час з’явілася ва Украіне звышбагатых людзей: чыноўнікаў, міліцыянтаў… Але. Мы менавіта за тое і выступалі, што ад гэтых людзей трэба пазбаўляцца. Пакуль галоўная праблема ва Украіне менавіта тое, што выяўленыя карупцыянеры застаюцца пры пасадах. Пазітыўныя зрухі ёсць: адкрытыя ўсе рэестры маёмасці грамадзянаў — тое, чаго не было ў нашай краіне дваццаць гадоў. Створаны антыкарупцыйны камітэт з шырокімі паўнамоцтвамі.
РР: Але ж выгнаныя са службы чыноўнікі, а таксама іх кумаўя, сябры, сваякі, напэўна складуць электаральную базу для вяртання тых парадкаў, якія былі за часамі Януковіча… Вы згодныя?
— Гэтыя людзі мысляць тымі катэгорыямі, якія існавалі ў «Партыі Рэгіёнаў». І іх светапогляд не мае для нас значэння. Трэба, каб прыйшлі іншыя людзі – сумленныя і пазітыўныя, якія будуць рабіць сваю працу, за якімі пойдуць людзі і якія зменяць электаральную карціну. Бо калі нічога не змяніць, дык электаральнае поле старых парадкаў будзе падпітвацца думкамі: «А нашто нам тая рэвалюцыя?..» Прыходзяць у паліцыю новыя людзі, у дзяржаўны апарат… Чым больш украінскіх патрыётаў будзе прыходзіць, тым хутчэй Украіна стане прававой праеўрапейскай дзяржавай.
РР:А дзе ўзяць столькі людзей?
— Калі казаць па канкрэтных пазіцыях… Напрыклад, дзе браць людзей у новую паліцыю? Гэта добраахвотнікі, якія былі ў зоне Антытэрарыстычнай аперацыі. Ёсць людзі з баявым досведам, украінскія патрыёты, якія дэмабілізаваліся і якія могуць замяніць старыя міліцэйскія кадры.
РР: А што рабіць з тымі карупцыянерамі, якія, напрыклад служылі ў міліцыі і патрапілі пад люстрацыю? Іх на сметнік, умоўна кажучы?
— Украіне патрэбныя будаўнікі, кіроўцы аўтамабіляў… То бок людзі тых прафесіяў, што не звязаныя з дэлегаваннем уладных паўнамоцтваў.
РР: Але міліцыянт ці чыноўнік, які атрымліваў хабары па 10-20 тысяч даляраў штомесяц, не пойдзе працаваць на будоўлю нават прарабам!
— Хай шукае іншую працу. Але прадстаўляць нашу дзяржаву ён не будзе. Бо тады ва ўсім свеце будуць казаць, што Украіна, маўляў – дзяржава хабарнікаў.
РР: А рэстаўрацыя рэжыму Януковіча ва Украіне магчымая?
— Мяркую, гэта немагчыма. Як толькі ўлада адчувае, што яна пераходзіць пэўную мяжу, то пад Адміністрацыяй прэзідэнта адразу з’яўляюцца прадстаўнікі грамадскасці. І ўлада баіцца гэтых людзей разганяць. Улада пасля Майдана атрымала прышчэпку супраць такіх метадаў… Цяпер не можа быць такога, як было за часамі Януковіча: маўляў, толькі я адзін маю рацыю, а хто з гэтым не згодны, той будзе знішчаны.
РР: У Беларусі дагэтуль ходзяць самыя бязглуздыя чуткі пра Украіну і пра ўкраінскія рэформы… Чаму ўсё яшчэ няма ніякай скаардынаванай інфармацыйнай палітыкі з боку Украіны ў бок той жа Беларусі?
— Ва Украіне сапраўды няма такой палітыкі. А ў Беларусі транслююцца расейскія тэлеканалы. Адсюль і розная бязглуздзіца “пра ўкрыжаванага хлопчыка” ці пра тое, што ўкраінцы нібыта крывасмокі, якія сілкуюцца крывёю немаўлятаў. Так, навідавоку – вялікая хіба нашай палітыкі…
І крытыкі ўкраінскіх рэформаў, і іх прыхільнікі аднадушныя ў тым, што найбольшы вораг зменаў ва Украіне – сістэмная карупцыя на ўсіх узроўнях, якая, нягледзячы на ўсе абяцанкі ўладаў, дагэталь не зліквідаваная.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота з архіва Рамана Арышчанкі