Сяргей Калякін: Авіябаза – гэта палітычная гульня



Лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін лічыць, што пытанне з размяшчэннем расейскай авіябазы ў Беларусі штучна раздзімаецца.

Нагадаем, што на апошніх перамовах Пуціна і Лукашэнкі ў Маскве гэтая праблема не закраналася. Расея па-ранейшаму хацела б мець такую базу ў Беларусі, беларускі бок пакуль упарціцца.

Сяргей Калякін: Я наогул лічу, што вось гэтая авіябаза (размяшчэнне альбо не размяшчэнне) не вырашае ніякіх праблем бяспекі. Я не бачу, што такое пытанне існуе, яно штучна раздзімаецца.

РР: Але ж гэтая тэма ва ўсіх на слыху, а пытанне даволі прынцыповае…

— Дык можна прыдумаць тэму, якая будзе на слыху. Бо што адбываецца насамрэч? Беларусь уваходзіць у ваенную групоўку АДКБ разам з Расеяй. Таму пры чым тут база, якая, да таго ж, ва ўмовах, калі моцныя краіны маюць ядзерную зброю, наогул нічога не вырашае.

РР: Чаму тады беларускія ўлады супраціўляюцца размяшчэнню гэтай базы?

— Мне здаецца, што яны самі прыдумалі наконт супраціўлення. Гэта, як той Джо, за якім усе бегаюць і ніхто злавіць не можа. Так і ў гэтым выпадку. Я ўпэўнены, што, калі б для Расеі гэта было вельмі вострым пытаннем, дык яна б даўно знайшла аргументы для таго, каб беларускія ўлады перасталі супраціўляцца. Тым больш, што ў Беларусі і так лётаюць расейскія самалёты, якія нясуць нейкае там дзяжурства ў межах дамовы АДКБ. Дык якая розніца паміж гэтымі самалётамі і тымі, якія будуць на базе? Выдумалі праблему, каб паказаць, што ўлада стаіць на абароне нацыянальных інтарэсаў.

РР: Вы лічыце, што гэта нейкія палітычныя гульні?

— Хутчэй за ўсё, так.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя