2016 стане годам памяці бязвінных ахвяр „Бурага”?
Аб’явіць 2016 годам памяці бязвінных ахвяр „крывавага рэйда Рамуальда Райса (Бурага)”. З такой ініцыятывай выступілі актывісты беларускіх і праваслаўных арганізацый Падляшша.
Першым крокам стане прагляд дакументальнага фільма Юрыя Каліны пад назвай „Сярожа” ў кінатэатры „Forum” 26-га студзеня.
29-га студзеня ў 70-ю гадавіну пацыфікацыі Залешанаў актывісты заклікаюць усіх, каму блізкая памяць ахвяр, адзначыць гэты дзень на месцы трагедыі.
Кажа дэпутат Сейма Польшчы Яўген Чыквін:
– Як нашы продкі, якія маліліся, успаміналі, ведалі сваё. Аддалі жыццё за сваё, трымаліся свайго – сваёй веры, сваёй культуры, сваёй мовы і за гэта пацярпелі. Тут найбольш адэкватны царкоўны пасыл, што гэта нашы мучанікі.
Кажа прафесар Алег Латышонак:
– Самы вялікі сэнс быў у тым, каб давесці да ведама палякаў, што такое было і як мы гэта бачым, каб прынамсі ведалі. Толькі не надта ўяўляем, як гэта можна сваімі сіламі зрабіць.
Сярод прапаноў па ўшанаванні памяці бязвінных ахвяр Рамуальда Райса – аднаўленне помнікаў у пацыфікаваных вёсках – Залешанах, Занях, Шпаках, а таксама распаўсюд інфармацыйнага бюлетэня і правядзенне канферэнцыі.
З 29-га студзеня па 2-га лютага 1946 года з рук польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем Рамуальда Райса загінула каля сотні мірных жыхароў беларускіх вёсак на Беласточчыне, амаль траціна з іх – жанчыны і дзеці. У будучым годзе спаўняецца 70-я гадавіна “крывага рэйда”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя