Пра герояў Беларусі
Вось вы ведаеце, хто такі Аляксандр Дубко? А Васіль Равяка? А Павал Марыеў? Падазраю, што гэтыя імёны ведаюць іх сваякі. А таксама падначаленыя. Аднак для большасці людзей гэтыя прозвішчы нічога не кажуць. А гэта, між іншым, героі Беларусі.
Аляксандр Дубко — гэта старшыня Гарадзенскага аблвыканкама з 1994 па 2001 год. І яго ўзнагародзілі медалём „Герой Беларусі” за ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі Гарадзенскай вобласці. Васіль Равяка — гэта кіраўнік сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва „Прагрэс-Верцялішкі”, які атрымаў „Героя Беларусі” за працу ў гэтым самым „Прагрэсе-Верцялішкі”. А Павал Марыеў — генеральны дырэктар „БелАЗа”, які таксама атрымаў найвышэйшую ўзнагароду за працу на гэтым самым „БелАЗе”.
Сярод герояў Беларусі таксама галоўны банкір Пётр Пракаповіч, якога ўзнагародзілі за працу ў банкаўскай сферы. Памятаеце дэвальвацыю 2011 года, калі курс даляра за паўгода вырас з 3 тысячаў да 5 тысячаў рублёў, то бок інфляцыя склала 41%, а цэны на нехарчовыя прадукты выраслі на больш, чым 50% ? Гэта акурат здарылася пры Пятры Пракаповічы. Так што, колішні галоўны банкір Беларусі — той яшчэ герой. З такім героем беларусы збяднелі ў 2011 годзе ў два разы.
Ну, а самая галоўная гераіня — гэта біятланістка Дар’я Домрачава. Яна, аказваецца, здзейсніла подзвіг, стаўшы трохразовым алімпійскім чэмпіёнам. А вось асоба нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, у адрозненне ад Домрачавай, беларускія ўлады не натхніла. „Героя Беларусі” Святлана Алексіевіч не атрымае. Пра гэта паведаміла Міністэрства культуры ў адказ на калектыўны зварот з просьбай прадставіць пісьменніцу да ўзнагароды. Як паведамляе Міністэрства культуркі, званне „Герой Беларусі” з’яўляецца найвышэйшай ступенню адзнакі рэспублікі і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам. То бок Домрачава сваёй стральбой здзейсніла подзвіг, а Святлана Алексіевіч сваімі антываеннымі кнігамі, якія вучаць гуманізму, — не. То бок усе гэтыя мала каму вядомыя кіраўнікі БелАЗу, аблвыканкамаў, сельскагаспадарчых кааператываў — героі. То бок банкір Пётр Пракаповіч, пры якім абяднелі беларусы, — герой. А Святлана Алексіевіч, дзякуючы якой пра Беларусь даведаўся ўвесь свет, — не. Штосьці не так, у нашым дацкім каралеўстве. Шкада, што беларускія ўлады, у адрозненне ад Нобелеўскага камітэту, у кнігах Алексіевіч не знайшлі падставаў для ўзнагароды.