Складскія запасы ў прамысловасці працягваюць расці
Доля складскіх запасаў на прадпрыемствах, рост якой пачаўся ў кастрычніку, у лістападзе прадоўжыла павялічвацца, сведчаць звесткі афіцыйнай статыстыкі.
Па стане на 1 снежня доля складскіх запасаў на прадпрыемствах склала 73,4% (на 1 лістапада — 71,7%) да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці. У грашовым выражэнні запасы гатовай прадукцыі на 1 снежня ацэньваліся ў 35,6 трлн. рублёў (каля 2 млрд. даляраў у эквіваленце) і павялічыліся за лістапад на 1 трлн. рублёў.
Трэба адзначыць, што дынаміка змянення гэтага паказчыку сёлета носіць рознанакіраваны характар.
Так, у першыя месяцы гэтага года ўзровень складскіх запасаў на прадпрыемствах пастаянна павялічваўся — па стане на 1 мая доля складскіх запасаў на прадпрыемствах дасягнула 84,6% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці.
З мая па верасень назіралася ўстойлівая дынаміка зніжэння гэтага паказчыку. У выніку на 1 кастрычніка ўзровень складскіх запасаў на прадпрыемствах знізіўся да 70,8%.
Разам з тым у кастрычніку—лістападзе запасы гатовай прадукцыі зноў сталі павялічвацца.
Па стане на 1 снежня найбольшы ўзровень складскіх запасаў склаўся на прадпрыемствах Менска (108,1% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці), Менскай вобласці (100,7%), Магілёўскай (86,3%), Берасцейскай (79,7%), Гарадзенскай (76,4%).
Найменшы ўзровень складскіх запасаў традыцыйна зафіксаваны ў Віцебскай (39,7%) і Гомельскай (39,6%) вобласці, на тэрыторыі якіх размяшчаюцца нафтаперапрацоўчыя заводы.