Еўразійская інтэграцыя, або дэградацыя Беларусі
У Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэзентацыя ролікаў і дыяграмаў, створаных для параўнання сацыяльна-эканамічных паказнікаў краін Еўразійскага ды Еўрапейскага звязаў. Як аказалася, якасць і працягласць жыцця беларуса значна ніжэйшая, чым у суседзяў, якія абралі еўрапейскі шлях развіцця. Каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве Уладзімір Кобец лічыць, што еўразійская інтэграцыя абярнулася для Беларусі катастрофай:
– Мы зараз назіраем вынікі геапалітычнай памылкі, катастрафічнай для Беларусі. Яна была зроблена ў 90-х гадах, калі Лукашэнка павярнуў краіну ў іншы бок, вырваў яе з агульнаеўрапейскага кантэксту. І можна толькі ўявіць, якой бы была сёння наша краіна, калі б Беларусь працягнула сваю еўраінтэграцыйную палітыку. Мы сёння маглі б быць часткай Еўразвязу. Працяг руху ў еўразійскі бок – гэта падзенне ў бездань – эканамічную, культурную, палітычную. Гэта шлях да дэградацыі і знікнення Беларусі.
Таксама Уладзімір Кобец дадаў, што Беларусь мела ўсе магчымасці стаць больш заможнай за суседнія краіны, калі б не збочыла з дарогі ў Еўропу.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота cargolink.ru