Паўстагоддзя таму заззяла зорка Яўгеніі Янішчыц



Паўстагоддзя таму ў беларускай літаратуры заззяла зорка Яўгеніі Янішчыц. Паэтэса дэбютавала падборкаю вершаў у часопісе “Бярозка”. Ад таго часу пачалася актыўная і плённая праца на творчай ніве. Неўзабаве прыйшло прызнанне, пра што сведчыць рэцэнзія Рыгора Барадуліна да першага зборніка 22-гадовай паэткі.

На жаль, творчы і жыццёвы лёс “палескай ластаўкі”, так ее называў Ніл Гілевіч, быў кароткім і абарваўся трагічна. Тым не менш дацэнт Інстытута мовы і літаратуры Святлана Калядка назвала паэтычную спадчыну Яўгеніі Янішчыц адной з самых яскравых і таленавітых старонак беларускай літаратуры XX стагоддзя.

Дырэктарка музею паэтэсы Антаніна Сідарук кажа, што ў апошнія гады многія замежнікі адкрываюць для сябе Беларусь праз творчасць Янішчыц:

– Яна прымала ўдзел у рабоце 36 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Гэта яшчэ адзін штуршок для таго, каб мы ведалі, што мы не бязродныя людзі. Мы – беларусы. Жэню ведаюць далёка за межамі нашай краіны. Ведаюць і цікавяцца яе творчасцю.

Сёлета, ўвосень, павінны выйсці ў свет два першыя тамы з шасцітомніка жыццяпісу Яўгеніі Янішчыц, якія падрыхтавалі літаратаркі Святла Калядка і Тамара Аўсяннікава.

 Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя