Вялікія запасы гатовай прадукцыі на Гарадзеншчыне



На складах прамысловых прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласці з пачатку года назапашана прадукцыі на суму, якая перавышае 221 мільён даляраў. Паводле галоўнага статыстычнага ўпраўлення вобласці, гэта складае 76% ад аб’ёмаў агульнамесячнай вытворчасці. Найбольш незапатрабаванай застаецца прадукцыя прадпрыемстваў машынабудаўніцтва і металаапрацоўкі, што, паводле старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандра Бухвостава, тлумачыцца з’явамі ў грамадска-палітычным жыцці краіны:

– Кіраўніцтва бярэ на сябе тое, што ў выніку глабальна шкодзіць эканоміцы. Яно не дае магчымасці працаваць творча, шукаць выхад з сітуацыі. Без карэнных зменаў дзяржаўнай палітыкі эканоміка не здолее выйсці з сітуацыі, у якой яна зараз знаходзіцца.

Амаль усе прамысловыя прадпрыемствы Гарадзеншчыны ажыццяўляюць продажы прадукцыі краінам былога Савецкага Саюзу. Іх незапатрабаванасць тлумачыцца як неканкурэнтаздольнасцю ў параўнанні з заходнімі аналагамі, так і адмоўнай фінансава-эканамічнай сітуацыяй, якая склалася ў краінах-імпарцёрах.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня