Спыталіся пра асфальт, а чыноўнікі „змянілі тэму”
Жыхары адной з цэнтральных вуліц Воршы напісалі калектыўны зварот у мясцовы выканаўчы камітэт з нагоды асфальтавання вуліцы.
Справа ў тым, што асфальтавае пакрыццё павінна было з’явіцца на вуліцы Беларускай яшчэ да „Дажынак”, якія прайшлі тут у 2008 годзе, аднак дагэтуль, за сем гадоў чыноўнікі не выканалі плану. Сёлета пасля некаторых скаргаў аршанскія чыноўнікі паклалі асфальт на суседніх вуліцах Нікандравай і Люксембург, а вось Беларускай дастаўся толькі маленькі лапік асфальту, якога хапіла толькі на невялічкую частку вуліцы. На калектыўны зварот жыхароў Беларускай прыйшоў адказ. Там пазначаецца, што вуліца мае пакрыццё з пяску і друзу, на ёй адсутнічаюць адкрытыя водаадводныя канавы і іншая інфармацыя, якую жыхары вуліцы ведалі і да атрымання дакумента. Затое чыноўнікі праігнаравалі пытанне, калі ж вуліца Беларуская будзе заасфальтаваная.
Цікава, што размова ідзе нават не пра вуліцу на ўскраінах горада – з такімі, на жаль, праблемы ёсць ува многіх гарадах. Вуліца Беларуская знаходзіцца ў самым цэнтры Воршы. Гэта адна з апошніх цэнтральных вуліц горада, што складаюцца з прыватнага сектару. Перад „Дыжынкамі-2008” большасць прыватнага сектару ў цэнтры горада была знесеная.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя