Яшчэ адзін каштоўны старадрук вярнуўся ў Беларусь
У Прэзідэнцкай бібліятэцы прэзентавалі Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, выдадзены ў 1744 годзе. Яго выкупілі ў аднаго з польскіх калекцыянераў.
Імя таго, каму асаблівым чынам трэба дзякаваць за падобны здабытак, — Андрэй Радкоў. Ён студэнт шостага курса гістарычнага факультэта БДУ. Увесь працэс — ад пошуку кнігі да дастаўкі ў Беларусь — заняў у Андрэя паўгода. У набыццё ён нават уклаў свае грошы, і толькі пасля таго, як кніга апынулася ў Андрэевых руках, яна трапіла ў Прэзідэнцкую бібліятэку.
Што цікава, гэта ўжо далёка не першы падобны годны ўчынак Радкова. Тры гады таму разам з Аляксеем Бацюковым, дырэктарам музея гісторыі Магілёва, і Дзмітрыем Яцкевічам, сённяшнім намеснікам дырэктара Нацыянальнага гістарычна-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж», яны вярнулі Беларусі Статут ВКЛ 1588 года.
Андрэй Радкоў: Статут ВКЛ для нашай краіны — гэта працяг слаўнай традыцыі дзяржаўнасці ў Беларусі. Гэтая кніга — помнік грамадска-палітычнай, прававой думкі. Кожны радок не проста быў узяты з галавы, а стагоддзямі ствараўся нашымі продкамі. Гэта той досвед грамадскага і палітычнага жыцця, які назапашваўся вякамі. Першы Статут прынялі ў 1529 годзе. Пасля была рэдакцыя 1566 года. Больш дасканалую версію зацвердзілі ў 1588 годзе. Гэты збор законаў дзейнічаў на нашых землях да сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Кніга, якую я знайшоў, выдадзена ў Вільні, з’яўляецца польскамоўным перавыданнем апошняй рэдакцыі. Пад адной вокладкай сабралі некалькі заканадаўчых актаў. Гэтае выданне было даволі запатрабаванае.
— Але ў Беларусі захавалася зусім мала Статутаў.
Андрэй Радкоў: На жаль, так і ёсць. Амаль кожная буйная еўрапейская вайна рушыла праз нашу тэрыторыю. Праходзілі канфіскацыі, эвакуацыі, здараліся пажары… З-за гэтага мы шмат што страцілі. І цяпер прыходзіцца ўсё вяртаць, збіраць літаральна па крупінках. Што тычыцца арыгіналаў Статута ВКЛ, два з іх знаходзяцца ў Магілёве: адзін на старабеларускай мове, другі — на польскай. Ведаю, што яшчэ па адной кнізе ёсць у баранавіцкім і гарадзенскім музеях, Нацыянальнай бібліятэцы і цяпер у Прэзідэнцкай.
— Як ты наогул даведаўся пра гэтую кнігу?
Андрэй Радкоў: Сяргей Іванавіч Квачан, дырэктар бібліятэкі, папрасіў паспрыяць у пошуках Статута ВКЛ. Так сталася, што знайшоў выданне ў аднаго з гданьскіх калекцыянераў праз інтэрнэт. Каштавала яно каля 30 мільёнаў беларускіх рублёў. На ўсё ў нас пайшло паўгода. Цяжка пераацаніць дапамогу майго настаўніка і навукоўцы Дзмітрыя Яцкевіча, які выконваў ролю эксперта, а таксама прывёз фаліянт.
— Ці была небяспека, што мог з’явіцца перакупшчык, які дасць больш грошай?
Андрэй Радкоў: Так, крыху хваляваўся. Кніга знаходзілася ў вольным продажы, і яе маглі ў кожны момант набыць. Ды і сама дарога з такой каштоўнай кнігай дае розныя падставы для хвалявання.
— Андрэй, а з чаго наогул распачаўся твой інтарэс?
Андрэй Радкоў: Я палову свайго жыцця марыў паступіць на гістарычны факультэт. Яшчэ падлеткам пазнаёміўся з выкладчыкамі БДУ. З таго часу многія сябры скончылі факультэт, але не пайшлі працаваць па прафесіі. А я заўжды думаў, што калі паступлю вучыцца на спецыяльнасць «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны», трэба нешта рабіць у гэтым кірунку. З першага курса я пачаў шукаць страчаныя кніжныя каштоўнасці. Першай маёй знаходкай стала метрыка ішкальдскага касцёла на лаціне, якую вялі з 1759 па 1807 год. Знайшоў яе на адным аўкцыёне, і мне стала прыкра, што такая кніга стала аб’ектам гандлю. Я зрабіў усё, каб арганізаваць яе выкуп. Дзякуй Богу, людзі дапамаглі. Ужо праз тыдзень яна знаходзілася ў руках даследчыкаў. Сёння яе можна ўбачыць у нацыянальным гістарычным архіве. З гэтай метрыкай звязаны цікавы выпадак. Ішкальдзь — вёска ў Баранавіцкім раёне — знаходзіцца непадалёк ад Вялікай Мядзведкі, малой радзімы славутага навукоўца, нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі. Ён нарадзіўся ў 1802 годзе, і як мне тады здалося, у Ішкальдзі яго маглі хрысціць. Я з нецярплівасцю пачаў шукаць запісы, датаваныя 1802 годам. І што вы думаеце?! Я знайшоў прозвішча «Дамейка», але пасля перакладу высветлілася, што ягоны бацька Іпаліт прысутнічаў тут на хрэсьбінах дзіцяці з сям’і Верашчакаў, яшчэ аднаго славутага нашага рода, а сам Ігнат Дамейка, відаць, быў ахрышчаны ў Паланэчцы.
— На Статуце ВКЛ, напэўна, твае пошукі не спыняюцца. Які цяпер твой арыенцір?
Андрэй Радкоў: Загадваць не буду. Наперад не ўгадаеш, што будзе пазней. І вельмі складана расставіць прыярытэты паміж кнігамі. Маўляў, тая нам больш патрэбна, а гэтая — менш. Усё, што датычыцца нашай спадчыны, праз пэўны час знікае. Для нас важна ўсё.
Сяргей Квачан, дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі: Для нас, беларусаў, Статут ВКЛ — гэта найбольш значны помнік юрыдычнай думкі, літаратуры і, безумоўна, наш нацыянальны здабытак, які трэба старанна вывучаць, папулярызаваць. І менавіта на аснове падобных выданняў варта фарміраваць і выпрацоўваць у моладзі пачуццё самасвядомасці, патрыятызм, гонар за нашу краіну, яе гісторыю.
Тарас Шчыры, газета „Звязда”
Фота Надзеі Бужан