Змаганні з дэманамі



Убачыў на „Ютубе” сюжэт пра англійскага паэта Дылана Томаса, які даўно залічаны да класікаў. Вершаў ён напісаў няшмат, жыў нядоўга, 39 гадоў,  затое шмат піў і хуліганіў. У выніку чаго так рана і абарваўся ягоны жыццёвы шлях. Ніхто цяпер не скажа, колькі вершаў засталося з гэтай прычыны ненапісаных…

І падумалася – колькі ж творцаў палягло ў няроўнай барацьбе з дэманам алкаголю?

Не ведаю, ці існуе якоесь навуковае даследаванне на гэту тэму, – цікава было б пачытаць!

Беларускія творцы – не выключэнне з агульнай невясёлай карціны. Як маркоцілася Ларыса Геніюш, што такі талент, як Караткевіч, залішне часта „залівае за каўнер”! А Міхась Стральцоў, Анатоль Сыс… Анатоля я ведаў задоўга да таго, як ён ператварыўся ў руіну, пародыю на самога сябе (такім я яго не бачыў, чым вельмі задаволены: бо ў памяці застаўся вобраз прыгожага, моцнага юнака.) Можна сабе толькі ўявіць, якое мора алкаголю спатрэбілася, каб знішчыць такі магутны арганізм!

Існуе сумны закон – чым большы талент дадзены чалавеку, тым менш адказна ставіцца да яго носьбіт.  І наадварот – уласнікі сціплых талентаў як жа часта носяцца са сваімі здольнасцямі, як з пісанай торбай. Між тым, любы талент, – і найбольшы, і найменьшы, – не заслуга самога чалавека. Таксама, як і адсутнасць – не віна. Талент даецца Богам, Космасам, Прыродай, – кожны хай выбера найбольш сабе адпаведны тэрмін. Ад чалавека затое залежыць, як ён распарадзіцца гэтым дарам: выкарыстаць напоўніцу, ці ўтаптаць у бруд.

Распаўсюджаны стэрэатып – сапраўдны мастак, творца, мусіць быць багемнай асобай, што трактуецца як выклік мяшчанству, шэрасці. Гэта далёка не так. Нашы выдатныя мастакі, Мікола Селяшчук, Сяржук Цімохаў, не дазвалялі сабе ніякай распусты. Лёс наканаваў ім кароткія жыцці, але гэта ўжо іншая гісторыя. Рыгор Барадулін у другой палове жыцця здолеў пераламаць сваю схільнасць да п’янства і стаў увогуле абстынентам.

У мяне ёсць асабісты рахунак да алкагалізму. Ад алкаголю загінуў мой дзед, адзін з найлепшых людзей ва ўсёй радні. Не, зусім не таму, што ён быў п’яніцам. Яго ніхто ніколі не бачыў п’яным, хоць пражыў ён 85 гадоў. Але аднойчы прыехаў у госці сваяк, муж унучкі, які служыў прапаршчыкам на авіябазе ў Баранавічах. І прывёз „пачастунак” – як потым высветлілася, нейкі „левы” спірт, а мо ўвогуле „ачышчаная” тармазная вадкасць, бо ваяка гэты быў алкаголікам. Ну, як жа не выпіць, калі „ахвіцэр” частуе! Прапару хоць бы што, а стары чалавек неўзабаве памёр у страшных пакутах…  Мой старэйшы брат памёр ад алкагалізму, ператварыўшы перад гэтым у пекла жыццё сваёй радні. Пагэтаму распад і дэградацыю асобы я меў магчымасць назіраць зблізку, непасрэдна.

Алкагалізм  – гэта вострае запаленне эгаізму: я п’ю, мне добра, а вы ўсе як сабе хочаце…

Каб жа ўсё так было проста – аб’явіць алкаголь адназначным злом, бязлітасна выцесніць яго з жыцця, і было б усім шчасце! Але вось прыгадваеш такіх абстынентаў, як Пуцін, Лукашэнка, Эрдаган… лепш бы ўжо яны пілі! А што твораць грамадзяне абсалютна безалкагольнай тзв. „Ісламскай дзяржавы”, нагадваць не трэба.

Ці ж пасядзець з сябрам пры пляшцы добрага віна не ёсць адным з найлепшых задавальненняў? А, вярнуўшыся з вуліцы, дзе пануе слота і морак, кульнуць добрую чарку „чысценькай”, ці „зуброўкі”, закусіўшы акрайцам  чорнага хлеба са скрылікам мерзлага сала з вішнёвай праслойкай, – ці ж не асалода!

Тут, як і ў творчасці – падставай усяго з’яўляецца гармонія і мера.  На тое ж і дадзены чалавеку розум.

А, зрэшты, кожны дарослы чалавек мае права сам распараджацца гэтым кароткім адрэзкам часу, што завецца жыццём. Забароны, пропаведзі, угаворы, – можа, хто і верыць у іх сілу, але я да такіх не належу. І нічога нікому раіць не буду.

Затое пажадаю шчасліва і весела правесці надыходзячыя святы.

Без шкоды для здароўя і  настрою!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ