ІП Гарадзеншчыны масава спыняюць сваю дзейнасць



Індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у Гародні, масава звяртаюцца ў адміністрацыі рынкаў з заявамі пра прыпыненне працы з 1 студзеня. Менавіта з гэтага дня дробныя бізнесоўцы павінны мець суправаджальныя дакументы на тавары замежнай вытворчасці, набытыя ў тым ліку і на тэрыторыі Мытнага саюза, у які уваходзіць Беларусь.

На думку прадпрымальнікаў, увядзенне новых правілаў гандлю пазбаўляе іх магчымасці ажыццяўляць сваю дзейнасць:

– Мы са свайго боку таксама не можам вытрымліваць канкурэнцыю на такіх умовах. Мы проста знікнем, нас ужо не будзе, мы ўжо на мяжы банкруцтва, мы на апошнім дыханні. Прадпрымальнікаў 90% проста не будзе – гэта будуць беспрацоўныя людзі.

Паводле інфармацыі, якой валодаюць гарадзенскія прадпрымальнікі, на рынках горада ўзмоцнена працуюць прадстаўнікі спецслужбаў, якія вядуць улік усіх, хто напісаў заявы аб прыпыненні дзейнасці з 1 студзеня 2016 года. А супрацоўнікі гарадзенскай міліцыі бліжэйшым часам будуць пераведзеныя на ўзмоцнены рэжым працы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня