Яўген Вапа, Ганна Кандрацюк, Віталь Луба – ганаровыя сябры СБП



22 снежня ў Менску адбылося чарговае паседжанне Рады ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Новымі сябрамі арганізацыі сталі Уладзімір Кажамяка, Мікалай Пашкевіч, Анатоль Трафімчык.

Ганаровымі сябрамі грамадскага аб’яднання былі зацверджаныя літаратары з Беласточчыны Яўген Вапа, Ганна Кандрацюк, Віталь Луба.

Радзе быў прадстаўлены новаабраны старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення СБП Валянцін Дубатоўка.

Старшыня ГА „Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч у сваім паведамленні падсумаваў плён дзейнасці арганізацыі за 2015 год.

Усе старшыні абласных філій прысутнічалі на Радзе і выступілі з дакладамі пра вынікі дзейнасці ў рэгіёнах за бягучы год, пра праведзеныя на месцах мерапрыемствы і выдадзеныя кнігі і альманахі.

Паседжанне завяршылася калядным прадстаўленнем ад „Спеўнага сходу”.

lit-bel.org