Грамадзянка РФ схавалася ў грузавіку, каб перасекчы мяжу з Беларуссю



Гомельскія памежнікі 22 снежня на працягу гадзіны прадухілілі адразу дзве спробы парушэння мяжы з Украінай.

Новая гута

Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскай пагранічнай групы Дзмітрый Уклейка, каля шасці гадзін у пункце пропуску „Новая Гута” пагранічны нарад затрымаў 32-гадовую грамадзянку РФ, якая схавалася на спальным месцы грузавога аўтамабіля „ДАФ”, што накіроўваўся з Украіны ў Беларусь.

Падчас разбору ўстаноўлена, што вадзіцель фуры, 40-гадовы грамадзянін Украіны, з жанчынай, якую знайшлі пагранічнікі, нібыта жыве ў грамадзянскім шлюбе. Прычыны, якія прымусілі вадзіцеля схаваць яе для незаконнага перасячэння мяжы, удакладняюцца. У дачыненні да ўказаных грамадзян распачаты адміністрацыйны працэс. На час правядзення праверачных мерапрыемстваў парушальнікі змешчаныя ў ІЧУ.

Другі інцыдэнт здарыўся гадзінай пазней. Пры праверцы кантрольна-следавой паласы пагранічнікі выявілі дарожку слядоў і месца пераадолення парушальнікам загароды. Службовы сабака ўзяў след і неўзабаве затрымаў зламысніка.

Як растлумачыў 31-гадовы затрыманы, ён з’яўляецца грамадзянінам Украіны і жыве ў Чарнігаўскай вобласці, а ехаў да пастаяннага месца жыхарства. Абысці пункт пропуску вырашыў у сувязі з адсутнасцю ў яго дакументаў на права перасячэння мяжы. Украінец змешчаны ў ІЧУ.

belapan.by