Беларусь не спяшаецца выдаваць Украіне Ежэля



Беларусь не спяшаецца выдаваць Кіеву былога міністра абароны Украіны Міхаіла Ежэля. Былы вайсковы міністр, вядомы, як “стратэг Януковіча”, абвінавачваецца ў развале ўкраінскай арміі і хаваецца ў Менску.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Міхаіл Ежэль быў міністрам абароны Украіны з 2010 і па 2012 год, пасля чаго атрымаў пасаду ўкраінскага пасла ў Беларусі. 11 траўня 2015 года Ежэль быў звольнены з дыпламатычнай пасады, але ва Украіну ён не вярнуўся. У жніўні 2015 года былому міністру абароны афіцыйна паведамілі пра тое, што ён абвінавачваецца ў раскраданні дзяржаўных грошай на суму ў 42 міліёны грыўняў, а таксама ў развале ўкраінскага войска. Усяго Генпракуратура Украіны пачала супраць былога міністра абароны больш за 50 крымінальных спраў.

З гэтага моманту і па сённяшні дзень Міхаіл Ежэль лічыцца пацыентам беларускага вайсковага шпіталю. Пра што афіцыйны Менск і паведаміў ва ўкраінскую Генапракуратуру. Але ж ад нядаўняга часу беларускі бок увогуле ігнаруе ўсе запыты Кіева пра выдачу былога міністра.

Пра дзіўныя паводзіны беларускай Генпракуратуры паведаміў народны дэпутат Украіны Дзмітрый Тымчук. Паводле ўкраінскіх праваахоўнікаў, былы міністр абароны – далёка не адзіная асоба з атачэння былога прэзідэнта Януковіча, які хаваецца ад правасуддзя ў Беларусі.

^89DFF0BBA7BA44F1A0A46AC67DDC618A0112E4935A1148C599^pimgpsh_fullsize_distr

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя