Цуд на Каляды
Набліжаюцца Каляды – свята народнай містыкі, крамных зніжак, застольных размоваў і прыемных неспадзяванак.
Сонца паварочваецца на лета, зімовая цемра спакваля адступае, на кароткі час адчыняецца брама ў Іншасвет. І ўсе мы ў гэты час падсвядома спадзяемся на цуды. Дзеці мараць пра падарункі, іх бацькі — пра дабрабыт і здароўе, іх дзядулі і бабкі — каб наступны год выдаўся прынамсі не горшым за той, што адыходзіць, і ўвогуле, “толькі б не было вайны”.
Але ж якім быў першапачатковы сэнс калядных святаў у нашых продкаў? Як на Каляды варажылі, якія песні спявалі, што ставілі на святочныя сталы? На што, урэшце рэшт, спадзяваліся?
Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Ірынай Клімковіч, даследчыкам беларускай этнаграфіі.
Ірына Клімковіч: Увогуле, Каляды – гэта найперш паганскае свята, звязанае з сонцаваротам. Усе такія святы нашымі продкамі абагаўляліся. Ужо за хрысціянскім часам Каляды былі “прыстасаваныя” да Нараджэння Хрыстовага і Вадохрышча. Католікі святкуюць Каляды з 24 снежня па 6 студзеня, праваслаўныя – з 6 па 21 студзеня. Слова “Каляды”, як хто не ведае, звязанае з лацінскім словам “календа” – першы дзень месяца.
РР: А як традыцыйна святкаваліся Каляды нашымі продкамі ў старадаўнія часы?
— Лічылася, што ў момант , калі сонца павярнулася “на лета”, на кароткі час адчыніліся дзверы паміж “тым” і “гэтым” светамі. У гэты час на зямлю спускаюцца душы памерлых. Нездарма, калі гатавалі другую святочную Куццю, на вячэру абавязкова запрашалі Дзядоў.
РР: А з чаго гатавалася такая рытуальная куцця?
— З пшанічнага зерня. Увогуле, на Каляды было прынята рабіць тры куцці. Першая была посная, і стол, адпаведна, быў даволі сціплы. Другая куцця была багацейшай, перад ёй практыкавалася рытуальнае забойства кабанчыка. Кабанчык – гэткая сакральная жывёла ў нашых продкаў, на калядны стол абавязкова ставілі стравы са свініны: каўбасы, сальцісоны. Нават свінячы лыч іншым разам называлі “калядой”.
РР: Але традыцыйныя Каляды – гэта не толькі святочны стол…
— Так! Усе гэтыя зімовыя вечары іншым разам называліся “крывымі”. Гэта быў надзвычай чароўны час, калі можна было варажыць, каб дазнацца пра будучыню.Звычайна варажыла моладзь, дзяўчаты і хлопцы, бо ім трэба было ствараць новыя сем’і. Кожнаму было цікава дазнацца, хто ж яго нарачоны.
РР: На чым варажылі?
— Напрыклад, пяклі дзяўчаты аладкі, клалі на ганак і клікалі сабаку ці пеўня. Чыю аладку сабака з’есць першую, ці чыю здзяўбе певень — тая дзеўка ў новым годзе і пабярэцца шлюбам. Таксама праз варажбу можна было дазнацца, які характар будзе ў будучага мужа. Сталая жанчына выганяла ўсіх маладзіц у сенцы, а сама ставіла на стол талеркі і хавала пад імі пэўныя рэчы: лусту хлеба, пярсцёнак, ключ, іголку, шыла і нават пясок… Потым яна запрашала да стала дзяўчат і прапаноўвала кожнай выцягнуць тое, што пад талеркай схавана. Калі дзяўчынка выцягвала пярсцёнак, гэта азначала, што яна пабярэцца шлюбам з маладым і прыгожым. Калі, крый Божа, пясок – гэта значыць, што яна неўзабаве памрэ. Венік азначаў, што яна пабярэцца са старым і нягеглым. Ключы і хлеб азначалі багацце…
РР: А ці варажылі на люстэрках?
— Так, але гэта была найбольш небяспечная варажба. Бо люстэрка заўсёды ўспрымалася, як магічная рэч, скрозь якую можна было зазірнуць у іншасвет. Для варажбы на люстэрку заўсёды абіралі ці закінутую хату, ці нейкую гаспадарчую спаруду. Збіраліся там толькі апоўначы. Дзяўчына брала два люстэркі: адно паболей, другое – меншае, запальвала свечку і ўглядалася, чакаючы, пакуль у адлюстраванні не з’явіцца яе суджаны.
РР: А якія калядкі спяваліся на святы? Як увогуле адбывалася каладаванне?
— Тут быў пэўны набор менавіта калядных персанажаў. Сярод калядоўшчыкаў павінен быў прысутнічаць Дзед-павадыр, Бусел – “Божая птушка”, як яе называлі, а таксама Цыган і Салдат. Абавязковым персанажам быў Дудар, які лічыўся пасярэднікам паміж “тым” і “гэтым” светамі. З калядоўшчыкамі звычайна хадзіў Механоша, які і прымаў дары. Бо калядоўшчыкі ўвасаблялі не простых людзей, а, так бы мовіць, “гасцей з таго свету”… Вось словы адной з беларускіх калядак: “Мы людзі няпростыя, з далёкага краю, хлопцы небывалыя, з самага Раю! Ідзем кругом Света аж да самага лета…” Не пачаставаць калядоўшчыкаў, не прынесці ім ахвяру, лічылася вялікім грахом: гэта былі як бы госці з “іншасвету”, якія прыйшлі падбаць пра тваю будучыню…
РР: Ці захаваліся ў сучаснай Беларусі ўвесь гэты багаты пласт калядных традыцыяў?
— Так, у некаторых вёсках яшчэ ходзяць калядоўшчыкі. Але ж гэта моладзь, якая проста хоча весела пабавіць час. Цяперашнія Каляды – хутчэй шоу, карнавальнае шэсце…
Святы рана ці позна заканчваюцца, і ўсіх нас чакаюць цяжкія будзённыя дні. Нейкія з нашых перадсвяточных мараў спраўдзяцца, нейкія – не, а на некаторыя свае спадзяванні мы па хуткім часе і самі забудземся.
Але ж кола дзён бясконцае, і наступныя Каляды мы зноў будзем чакаць з салодкім спадзяваннем цуду…
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя