У Вушачах адкрылі помнік на магіле Рыгора Барадуліна (абноўлена)
Урачыстае адкрыццё помніка Рыгору Барадуліну адбылося на Бутаўскіх могілках у Вушачах. Асвяціў помнік і адслужыў малебен разам з іншымі каталіцкімі святарамі Апостальскі візітатар архімандрыт айцец Сяргей Гаек.
На імпрэзе прысутнічала жонка паэта Валянціна Барадуліна, сястра Васіля Быкава, паэт Уладзімір Някляеў, прадстаўнікі мясцовай улады, жыхары мястэчка, якіх, на жаль, было няшмат. А таксама скульптар помніка Ігар Засімовіч і журналіст, блізкі сябра паэта Глеб Лабадзенка. Менавіта дзякуючы яго вялікім намаганням і была здзейснена апошняя воля паэта.
– Я прыйшоў да дзядзькі Рыгора, калі мне было 13 гадоў, і ён паставіўся да мяне як да ўнука. Тым, што ёсць у маёй галаве і ў маёй свядомасці, я найперш абавязаны яму. І тым, што я звязаў сваё жыццё з беларушчынай. Яшчэ пры ягоным жыцці я шмат разоў дзякаваў яму за тое, што ён для мяне зрабіў. Таму, калі яго не стала, у мяне не было пытання брацца ці не за гэта. Бо гэта таксама мая вялікая падзяка яму і я вельмі шчаслівы, што нам удалося выканаць ягоную апошнюю волю.
Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 года ў Менску. Згодна з апошняй воляй паэта, ён быў пахаваны побач з маці ў Вушачах. Дзядзька Рыгор пакінуў запавет: “Калі я адыду, пастаўце мне / Сівы валун і крыж на валуне…”
16 лістапада супрацоўнікі Авіяцыі МНС Беларусі пры дапамозе верталёта Мі-8 апусцілі валун вагой 2,5 тоны на магілу.
[Not a valid template]
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара