Анатоль Лябедзька завітае да ІП-эшнікаў у вобразе Дзеда Мароза



28 снежня лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька разам з са сваімі паплечнікамі наведаецца на менскі рынак «Экспабел». Там ён мае намер сустрэцца з індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Спадар Лябедзька плянуе пераўвасобіцца ў Дзеда Мароза, так што, як анансуюць у офісе АГП, візіт будзе «відовішчным і святочным».

86F15C16-1879-4C34-8B71-08A42FDB2FA1_w900_r1_s

Ад 1 студзеня многія прадпрымальнікі могуць спыніць існаванне праз немагчымасць выканання ўказу № 222. Гандляры масава нясуць заявы ў адміністрацыі гандлёвых цэнтраў і рынкаў аб прыпыненні ці спыненні дзейнасці. Пра гэта паведаміла Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Перспектыва».

Прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць «забойчы» указ ці прыпыніць яго дзеянне на 6 месяцаў да выпрацоўкі аптымальнага рашэння. Згодна з дакументам, ад 1 студзеня 2016 году індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакументамі. Гэта, сцвярджаюць яны, выканаць практычна немагчыма, паколькі расейскія пастаўшчыкі не выдаюць адпаведную дакументацыю.

У лісце Аляксандру Лукашэнку, апублікаваным 15 снежня на сайце «Перспектывы», прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць пастанову ўраду № 666 пра абавязковую санітарна-гігіенічную экспертызу замежных тавараў, знізіць для індывідуальных прадпрымальнікаў стаўку адзінага падатку на 50-70% да таго моманту, пакуль сярэдняя зарплата па краіне не «дарасце» да 1000 даляраў, накласці на 5 гадоў мараторый на канфіскацыі і праверкі ў межах тэхрэгламенту Мытнага саюзу, на палову зменшыць штрафы для бізнесу і спыніць практыку напаўнення бюджэту праз канфіскацыйныя метады, перастаць канфіскоўваць тавары, калі не даказанае іх крымінальнае паходжанне, адмяніць абавязковае ўсталяванне плацёжных тэрміналаў.

Радыё Свабода