МУС папярэджвае кіроўцаў і аматараў феерверкаў



Па магчымасці ўстрымацца ад перасоўвання на аўтамабілі падчас святаў просіць Дзяржаўная аўтаінспекцыя. Асабліва гэта датычыцца тых кіроўцаў, якія збіраюцца адзначаць свята з ужываннем алкаголю.

З вечара 31-га снежня па 3-е студзеня ўключна аўтаінспекцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме на дарогах краіны. Як паказвае практыка мінулых гадоў, у гэтыя дні трапляецца больш за ўсё нецвярозых кіроўцаў.

Супрацоўнік пінскага ДАІ адзначыў, што інспектары будуць выбіраць напрамкі для патрулявання:

– Сэнс заключаецца ў тым, што ўсе транспартныя сродкі, якія рухаюцца ў пэўным кірунку, будуць спыняцца інспектарам і падчас размовы з кіроўцам будуць удакладняцца, то бок выяўляцца прызнакі ап’янення. Калі прызнакаў няма, то кіроўцу пажадаюць шчаслівай дарогі і ён працягне рух. Адпаведна пры выяўленні прызнакаў ап’янення складаецца адміністратыўны матэрыял.

Летась на дарогах Беларусі ў навагоднія святы было выяўлена амаль паўтысячы нецвярозых кіроўцаў.

У той жа час аматары салютаў і феерверкаў могуць сустрэць навагоднія і калядныя святы ў ізалятары часовага ўтрымання. За парушэнне правіл карыстання піратэхнікай можна атрымаць 30 базавых вялічынь або трапіць на 15 сутак адміністратыўнага арышту, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

За парушальніка да 14 год адказваюць бацькі, а з 14-гадовага ўзросту праваахоўнікі прыраўняюць яго да дарослых.

Выратавальнік, спецыяліст па піратэхніцы Сяргей Палюховіч нагадаў, што рабіць, каб не парушаць правіл:

– Калі гэта датычыць моцных піратэхнічных вырабаў, то гэта адкрытая тэрыторыя без нейкіх дрэваў і з адлегласцю мінімум 50 метраў да пабудоў. Мы не павінны забываць, што калі гэта 50 метраў, а паміж імі будуць стаяць аўтамабіль і г.д., – гэта лічыцца не ад жылога дома ці нейкага будынка, а менавіта ад аўтамабіля. У радыусе  50 метраў не павінна быць нічога.

Праваахоўнікі адзначаюць, што запуск салютаў ці феерверкаў у грамадскіх або месцах для пражывання з’яўляецца хуліганствам, таму і пакаранне адпаведнае.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя