Адвентысты Беларусі адмовіліся ад імперскай газеты



Беларускія адвентысты прынялі рашэнне не выпісваць газету „Сокрытое сокровище”, якая выходзіць у Расеі.

Нагадаем, што раней газета распаўсюджвалася па паштовых скрынях у Воршы, на сайце выдання адкрыта рэкламавалася так званая „Луганская народная рэспубліка”.

Пасля таго, як „Радыё Рацыя” апублікавала матэрыял пра гэта, пачаўся невялікі скандал. Сайт газеты ўжо прыбраў інфармацыю пра ЛНР, але іншыя матэрыялы з налётам палітыкі на ім засталіся. Беларускае кіраўніцтва Царквы хрысціян-адвентыстаў сёмага дня паведаміла, што маскоўскі выпуск газеты закупляцца больш не будзе. Хутчэй за ўсё, з Масквы будуць брацца толькі пэўныя матрыцы з матэрыяламі пра веру, Бога. Астатняе будзе дапаўняцца беларускай інфармацыяй.

Рэлігійная абшчына Царквы хрысціян-адвентыстаў у Воршы існуе з пачатку 1990-х гадоў, хоць першыя адвентысты жылі тут і раней. Рэгістрацыя атрымана ў 1993 годзе, абшчына перарэгістраваная ў студзені 2004 года ў адпаведнасці з новым заканадаўствам. Пастар Царквы — доктар багаслоўя Яўген Герасімаў. Абшчына мае і свой сайт: vchurch.info.

Vorsha-adventysty

Малітоўны дом у Воршы знаходзіцца на вуліцы Васкрасенскай, дом 2, за швейнай фабрыкай. Царква прымае ўдзел у рэлігійным аб’яднанні „Канферэнцыя цэркваў хрысціян-адвентыстаў у РБ” і з’яўляецца часткай сусветнай царквы адвентыстаў, якая цяпер налічвае больш за 18 мільёнаў вернікаў.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя