Барыс Жаліба: Захаваць бы заробкі на гэтым узроўні…



“Расці ў 2016 годзе будуць толькі кошты, а не заробкі беларусаў”, – мяркуе эканаміст Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба: У наступным годзе рэальныя заробкі адназначна не вырастуць, таму што ніякіх фактараў, якія б гэтаму садзейнічала, я не бачу. Беларуская эканоміка будзе знаходзіцца пад прэсам крызіса расейскай эканомікі. Па ўсіх прагнозах сусветныя кошты на нафту і ў 2016 годзе застануцца нізкімі, заходнія санкцыі таксама застануцца ў дачыненні да расейскай эканомікі, і ўсё гэта, як і раней, будзе адбівацца на сітуацыі ў Беларусі. Таму, як кажуць, драйвераў, якія б ажывілі беларускую эканоміку, няма. А значыцца, рэальны заробак не толькі не будзе павышацца, а добра, калі наогул захаваецца на гэтым узроўні. Вось галоўная задача ўраду.

РР: Кошты працягнуць расці?

Барыс Жаліба: Безумоўна, нейкі паступовы рост коштаў будзе, таму што нават урад і Нацбанк запланавалі інфляцыю на ўзроўні 12 адсоткаў. Паўтаруся, добра будзе, калі намінальныя заробкі не вельмі моцна будуць адступацца ад інфляцыі.

РР: Беларусам прыйдзецца зацягнуць паясы?

Барыс Жаліба: Гэта ж не ўпершыню. Пакуль беларусы не адчуюць голад у страўніках і не ўспомняць пра гегемона, нічога тут не зменіцца – будзем губляць у якасці жыцця. Бачна, што ўжо ў наступным годзе будуць павялічвацца падаткі на некаторыя паслугі. Гэта ўсё знізіць рэальныя даходы насельніцтва, а дзяржава і ўрад будуць выкручвацца за кошт людзей і далей ды чакаць аздараўлення расейскай эканомікі. А на глыбокія рэформы ўлады ісці не хочуць і ў бліжэйшы час, мяркую, не пойдуць. Так што трэба рыхтавацца да горшага.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя