Павел Вінярскі: Дзеянні Урада ставяць пад сумнеў дэмакратычнасць Польшчы
28 снежня прэзідэнт Польшчы, Анджэй Дуда, падпісаў прынятыя Сеймам змены ў закон аб Канстытуцыйным судзе.
Змены прадугледжваюць, што цяпер Канстытуцыйны суд Польшчы будзе прымаць рашэнні толькі ў поўным складзе, а менавіта мінімум 13 з 15 суддзяў (дагэтуль поўным складам лічылася мінімум 9 суддзяў). Складам у 7 суддзяў будуць разглядацца, напрыклад, канстытуцыйныя скаргі, прававыя пытанні судоў. Рашэнні поўнага складу будуць лічыцца прынятымі калі за іх аддадуць 2/3 галасоў, а не як дагэтуль — звычайную большасць галасоў. Апроч таго тэрміны разгляду заяваў цяпер будуць вызначацца Канстытуцыйным судом паводле чарговасці іх падання.
Паводле апазіцыі гэтыя змены спаралізуюць Канстытуцыйны суд, бо сярэдні час разгляду справаў у Трыбунале значна павялічыцца, а таксама прывядуць да таго, што ў шмат якіх справах рашэнне так і не будзе прынятае, бо не атрымае 2/3 галасоў суддзяў.
Мікола Ваўранюк пагутарыў з Паўлам Вінярскім, адным з арганізатараў Камітэта абароны дэмакратыі ў рэгіёне Белавежскай пушчы.
РР: Ці пасля таго як прэзідэнт Анджэй Дуда падпісаў змены ў закон пра Канстытуцыйны суд яшчэ есць сэнс у стварэнні Камітэта абароны дэмакратыі? Ці ёсць сэнс ладзіць нейкія акцыі, калі прэзідэнт сказаў, што гэтым подпісам ён завяршае справу і да таго ж узмацняе Канстытуцыйны суд? Вы ж таксама змагаліся за моцны і незалежны Канстытуцыйны трыбунал, асабліва ў час той першай дэманстрацыі пад Канстытуцыйным трыбуналам, якая сабрала ў Варшаве некалькі тысяч чалавек.
— Прэзідэнт Анджэй Дуда ўжо не першы раз кажа, што завяршае справу спрэчак вакол Канстытуцыйнага суда, але насамрэч гэта нічога не прадрашае. Нягледзячы на тое, што і змены ў закон аб Канстытуцыйны судзе і дзеянні Урада сапраўды ставяць пад сумнеў тое, ці Польшча ўсё яшчэ дэмакратычная прававая дзяржава, гэта не значыць, што мы маем адмовіцца ад таго, што мы хочам жыць у дэмакратычнай, прававой дзяржаве. Мне падаецца, што падобныя падзеі наадварот: адкрываюць Камітэту шлях да дзейнасці, даюць пэўны «наказ» дзейнічаць.
РР: Прыхільнікі гэтых зменаў кажуць, што гэта толькі пытанне інтэрпрэтацыі, што нават юрысты падзеленыя ў сваіх ацэнках. А выразы кшталту«пагроза дэмакратыі» — гэта моцнае перабольшванне, і так кажуць толькі тыя, хто хоча абараніць свае прывілеі, якімі яны карысталіся ў час доўгага 8-гадовага кіравання Грамадзянскай Платформы.
— Але цяперашняя ўлада неяк дагэтуль не паказала тых юрыстаў, таго падзелу юрыстаў. Я гэтага не бачу.
РР: Сам прэзідэнт — доктар юрыдычных навук Ягелонскага ўніверсітэта.
— Але ягоны ж універсітэт вельмі крытычна ставіцца да ўсяго гэтага. Мы ведаем, што на баку Канстытуцыі стаяць Вярхоўны Суд, упаўнаважаны па правах чалавека, юрыдычныя факультэты найбольшых Універсітэтаў, розныя аб’яднанні юрыстаў, няўрадавыя арганізацыі: між іншымі і Хельсінскі камітэт і іншыя. А вось тых юрыстаў, якія кажуць інакш, апроч прэзідэнта або людзей моцна набліжаных да „Права і Справядлівасці”, я не бачу. Таксама трэба памятаць, што ў справе Польшчы пачынаюць выказвацца міжнародныя замежныя арганізацыі: ААН, Еўразвяз, лідары еўрапейскіх краінаў, — усе яны вельмі занепакоеныя тымі, зменамі, якія ўводзіць цяперашняя ўлада.
РР: А ці гэтыя міжнародныя галасы не гучаць, пасля скаргаў, якія надыходзяць з Польшчы, а вядома хто туды скардзіцца. Я прыгадаю выказванне Яраслава Качынскага, які назваў такіх людзей другім сортам палякаў.
— Давайце прыгадаем, што Еўразвяз паўстаў пасля Другой Сусветнай вайны, каб падобныя сітуацыя больш не здараліся. Я пачуваюся часткай Еўразвязу і ўскладаю на яго спадзяванні, між іншымі і таму, што павінна існаваць інстытуцыя, якая можа абараніць мяне ад таго, што ў выніку выбараў да ўлады даходзяць людзі, якія, як у Веймарскай рэспубліцы, змяняюць палітычны лад з дэмакратычнага на аўтарытарны і нават, як паказала нам гісторыя, на таталітарны і з гэтага могуць вынікнуць страшныя трагедыі. Таму я, як грамадзянін і Польшчы і Еўразвязу, маю чаканні, што Еўразвяз мне дапаможа. Вядома, тое, што адбываецца ў Польшчы — гэта перадусім справа польскіх грамадзянаў, і мы дамо рады самі, але я вельмі разлічваю на падтрымку Захаду. Усе старэйшыя памятаюць наколькі важнай была падтрымка «Салідарнасці» у 80-я гады.
РР: Пратэсты і аднаго і другога боку, якія адбываюцца ў Варшаве, тое, што адбываецца ў Сейме і Палацы прэзідэнта па начох нам вядома. Давайце пагаворым пра тое, што робіцца на Падляшшы, бо мала хто ведае, што ў Белавежы адбылася сустрэча прыхільнікаў Канстытуцыйнага суда і людзей, якія ўдзельнічаюць у стварэнні камітэта абароны дэмакратыі. Як прайшла гэтая сустрэча, і на якім этапе цяпер знаходзіцца справа стварэння Камітэта?
— У Белавежы на сустрэчы было каля 75 чалавек. Гэта былі людзі і з гміны Белавежа і Гайнаўскага павету, але таксама прыехалі людзі і з Беластока. На той час Беласток яшчэ не наважыўся ладзіць пратэст у сябе. На дадзены момант Падляшскі камітэт абароны дэмакратыі толькі арганізуецца: Беластоцкі асяродак ужо арганізаваўася, цяпер Сувалкі пачалі ствараць сваю групу: людзі збіраюцца. Часта чуюцца галасы, што Падляшша цяжкі рэгіён, бо тут моцная падтрымка ПіС, але непакой адносна таго, што адбываецца ў краіне, тут таксама прысутны і людзі маюць патрэбу ў тым, каб арганізавацца.
РР: Але што можа, напрыклад, жыхар такой невялікай Белавежы? Што ён можа сказаць, чаго дабіцца? Ды й увогуле, якая яму справа да нейкага там Канстытуцыйнага суда? Часта чуюцца такія выказванні, што сярэднестатыстычнага жыхара Польшчы, мала цікавіць Канстытуцыйны суд.
— Можа і праўда, пакуль у Польшчы існавала згодна адносна таго, што мы дэмакратычная дзяржава мала хто звяртаў вялікую ўвагу на Канстытуцыйны суд і нават на саму Канстытуцыю. Але мне здаецца, што цяпер гэта найважнейшыя справы, бо калі я падумаю: у якой Польшчы я б хацеў, каб жылі мае дзеці і мае ўнукі? Ці хацеў бы, каб гэта была дзяржава з верхавенствам права, дзяржава ў складзе Еўразвязу, шанаваным міжнародным партнёрам, дзяржава грамадскага дыялогу, якая спрабуе вырашыць канфлікты, а не толькі абвастрае іх, дык я думаю, што абарона тых асноўных дэмакратычных вартасцяў, якія запісаны ў Канстытуцыі 1997 года, становіцца справай прынцыповай.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Gazeta Wyborcza