Якім быў 2015 год для Гарадзеншчыны?
Грамадскае і палітычнае жыццё Гародні, як і ўсяго Прынёманскага рэгіёна, цягам 2015 года выглядала дыяметральна супрацьлеглым. У той час, як у абласным цэнтры ажыццяўляліся шматлікія культурніцкія, навуковыя і грамадскія ініцыятывы, палітыкі “заляглі на дно” і не здолелі з’явіцца на паверхні нават падчас прэзідэнцкіх выбараў.
Кампанія па выбарах прэзідэнта краіны на Гарадзеншчыне прайшла на дзіва непрыкметна. Нешматлікія апазіцыйныя структуры нават на лакальным роўні не здолелі дамовіцца аб супрацы, у выніку чаго былі падобныя на герояў байкі Крылова “лебедзь, рак і шчупак”. Гэта датычыць не толькі кааліцыйнай працы – не здолелі дамовіцца нават сябры такой паважанай і шанаванай некалі структуры, як Беларускі Народны Фронт, што ў сваю чаргу з’яўляецца пэўным паказчыкам сітуацыі, у якой апынулася гарадзенская апазіцыйная супольнасць – зазначае сябра партыі БНФ Валер Кісель:
– Выбары – гэта ўдзел у спектаклі з загадзя вядомым вынікам. Мы, палітычныя структуры, сваім удзелам толькі падтрымліваем гэтую фальшывую веру. Гэта амаральна.
Вадзім Саранчукоў, старшыня Гарадзенскай арганізацыі партыі БНФ:
– Людзі хочуць пераменаў. І змены не настануць, калі сядзець на канапе.
2015 год адзначыўся на Гарадзеншчыне шырокім пераследам незалежных журналістаў – перадусім тэлебачання “Белсат” і Беларускага Радыё Рацыя. Шматлікія судовыя працэсы і шматмільённыя штрафы фрылансерам, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі медыямі, сведчаць пра тое, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі адсочвае кожны крок незалежных журналістаў, якім забараняюць наведваць нават мастацкія выставы, не кажучы пра мерапрыемствы, якія арганізоўвае і праводзіць улада. Як лічыць фрылансер Алесь Дзянісаў, такі падыход да працы журналістаў ёсць сведчаннем абмежавання канстытуцыйных правоў грамадзян:
– Ідзе зачыстка інфармацыйнай прасторы. Журналістам-фрылансерам і тым журналістам, якія працуюць у штаце газет “Наша Ніва”, “Народная воля”, працаваць будзе ўсё больш і больш складана.
Адной з галоўных падзей грамадскага жыцця Прынёмання ў 2015 годзе стала стварэнне сацыяльна-асветніцкага аб’яднання “Матчын рух 328”. Маці дзяцей, якія адбываюць вялікія тэрміны турэмнага зняволення паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў) аб’ядноўваюцца дзеля абароны інтарэсаў сваіх дзяцей. Пасля таго, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў антынаркатычны дэкрэт, пачаліся масавыя арышты моладзі, якая прыцягваецца да адказнасці не толькі за ўжыванне, але і за распаўсюд наркотыкаў, які насамрэч не ажыццяўляе. Як сведчыць практыка, большасць справаў, датычных распаўсюду, фальсіфікуецца супрацоўнікамі міліцыі, што, на думку старшыні грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328” Ларысы Жыгар, і стала падставай для стварэння арганізацыі:
– У Год моладзі судзяць нашую моладзь, нягледзячы на ўзрост і не разбіраючыся вінаватыя яны ці не.
Чарговымі выдавецкімі навінкамі парадавала ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка”. Лепшай кнігай 2015 года па версіі экспертаў радыё “Свабода” стала “Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага 1248-1377”, якую напісаў гарадзенскі навуковец, прафесар Алесь Краўцэвіч. Як зазначае аўтар, гэта пачатак працы ў адкрыцці новых старонак беларускай гісторыі:
– Пачатак вялікага праекта сінтэзы Вялікага Княства Літоўскага, якую планую зрабіць наколькі хопіць сілаў. Спадзяюся, прынамсі, да Люблінскай уніі. Гэта першая ў Беларусі сінтэза гісторыі ВКЛ у некалькіх кнігах. Такога ў Беларусі яшчэ не было.
Незалежныя аналітыкі і сацыёлагі адзначаюць, што заняпаду палітычнага жыцця ў адным з самых актыўных рэгіёнаў Беларусі, якім лічыцца Гарадзеншчына, не ў апошнюю чаргу паспрыялі і тыя падзеі, што адбываюццца ва Украіне – маецца на ўвазе вайсковая экспансія Расеі супраць незалежнай суседняй дзяржавы. Напалоханыя вайной жыхары Прынёманскага рэгіёна абралі мір, стабільнасць і парадак.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота belarus.by