Сяргей Антусевіч: Цярпенне людзей не бязмежнае
У Беларусі павялічваецца нават афіцыйнае беспрацоўе, а многія прадпрыемствы, у тым ліку буйныя – ў вымушаных прастоях.
Яна Запольская і Сяргей Антусевіч
Гэта адзін з вынікаў 2015 года – каментуе намеснік старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч:
РР: Як вядома сітуацыя на многіх прадпрыемствах, тым больш на флагманах бедарускай эканомікі не найлепшая: вымушаныя адпачынкі, затрымкі заробкаў, якія былі масавыя да прэзідэнцкіх выбараў. Пасля перад выбарамі хуценька выплацілі, а цяпер сітуацыя паціху пачынае паўтарацца. Вось у гэтай сітуацыі, ну і ведаем, што суполкі незалежных прафсаюзаў усялякімі спосабамі знішчаліся на прадпрыемствах, вось якія магчымасці на сёння незалежны прафсаюз мае, якія механізмы, рычагі ўплыву, каб неяк паўплываць на гэтую сітуацыю, ці скажам абараніць правы рабочых.
Сяргей Антусевіч: Я перш за ўсё скажу, што нашы актывісты яны сапраўды часам робяць неверагодныя рэчы таму, што быць сябрам незалежнага прафсаюза – гэта ўсё ж такі грамадскі ўчынак таму, што гэта месцы працы. Калі дзесьці ў нейкай іншай грамадскай арганізацыі можна схавацца ці займацца нейкай справай, якая не тычыцца канкрэтна нейкага чалавека ці дырэктара, скажам так, то тут ідзе размова пра эканоміку – гэта шматтысячны калектыў часам. Вось менавіта гэтыя людзі, я кажу пра рычагі, якія ёсць, яны ў асноўнай сваёй масе разьіраюцца, як павінна быць хаця б па законе таму, што вельмі часта, асабліва ў адыходзячым годзе наймальнікі, працадаўцы, яны гэтыя законы парушалі, яны іх проста пераступалі і мы вельмі часта чуем пра няпоўны працоўны дзень, скарачэнні людзей. Натуральна, што Беларусь у нас краіна часовых работнікаў. Фактычна ўсе працаўнікі яны часовыя – кантрактная сістэма і вось у гэтых варунках натуральна змагацца з гэтай сістэмай вельмі цяжка, але магчыма. Вельмі часта нашы юрысты, нашы актывісты яны дапамагаюць людзям і ў тым ліку праз вашае радыё таму, што людзі чуюць гэтую інфармацыю, яны разумеюць, што адбываецца. Інфармацыя – гэта таксама зброя і ў гэтых варунках гэта вельмі важна.
РР: Скажыце, калі ласка, аб’ектыўна рабочыя на заводах маюць нейкае права голасу ці ўсё адбываецца па прынцыпу: ”Я начальнік – ты дурань”. Маўчы, не падабаецца ідзі адсюль.
Сяргей Антусевіч: Вельмі часта менавіта так і адбываецца, але цярпенне людзей яно не бязмежнае таму калі межы гэтага цярпення сканчаюцца, вось тады адбываюцца такія рэчы. Напрыклад, у гэтым годзе мы бачылі на Маладзечанскім заводзе металаканструкцый.
РР: Вось гэты стыхійны страйк, які адбыўся?
Сяргей Антусевіч: Так, так. Натуральна ў Беларусі немагчыма зладзіць законны стайк і таму людзі толькі такім чынам могуць пратэставаць. Вось тое, што інфармацыя пра гэта пайшла, тое, што людзі пра гэта даведаліся, стала тым чынніка, што сітуацыя развязалася і цяпер мы пра гэта прадпрыемства не чуем таму, што людзям выплацілі заробкі і яны ў гэтым жабрацкім стане. Натуральна, што яны зменшыліся гэтыя заробкі і магчыма, цалкам верагодна, што ў будучым годзе яны яшчэ далей будуць зніжацца, але ўсё ж такі я хачу, каб мы і нашыя слухачы разумелі, што чалавек прыходзіць на працу, ён прыходзіць працаваць, а не ўступаць у прафсаюз. Таму мы заўсёды гаворым, што вось тое, што людзі знаходзяцца ў нашых прафсаюзах – гэта іх грамадская пазіцыя, яна часам, скажам так, на мяжы геройства.
РР: Ці ўсе прадпрыемствы ў такім вельмі дрэнным стане знаходзяцца ў Беларусі? Ці ўсё ж ёсць флагманы, якія, скажам так, неяк дапамогуць нам выжыць у новым годзе?
Сяргей Антусевіч: Я хачу сказаць, што на мінулым тыдні я быў у Салігорску на “Беларуськаліі”, там была канферэнцыя Незалежнага прафсаюза гарнякоў. На шчасце там зусім іншы ўзровень і сацыяльнага партнёрства і там голас незалежнага прафсаюза сапраўды чутны. Хацелася б, каб такіх прадпрыемстваў было нашмат больш.
Адзін з лідараў незалежнага прафсаюзнага руху Беларусі Сяргей Антусевіч пракаментаваў у эфіры нашага радыё вынікі зыходзячага 2015 года.
Гутарылі Улад Грынеўскі ды Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя