Незалежная журналістка не дамаглася праўды ў судах



Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь як і Берасцейскі абласны суд і суд Ленінскага раёну Берасця,  нібыта пабачыў інтэрв’ю журналісткі Тамары Шчапёткінай ад 8 студзеня з капітанам ДАІ Сяргеем Неліповічам на сайце нашага Беларускага Радыё Рацыя. І таму пакінуў рашэнні судоў ніжэйшых інстанцый у сіле, не задаволіўшы скаргу журналісткі.

Тамара Шчапёткіна ды яе сведкі сцвярджаюць, што такога інтэрв’ю не было. Але Вярхоўны суд паверыў толькі блытаным сведчанням капітана Неліповіча. Каментуе праваабаронца Сяржук Русецкі:

– Усе сведчанні Неліповіча хоць і не адпавядалі сапраўднасці, але сталі асноўнымі доказамі як у судзе ніжэйшай інстанцыі, так і ў Вярхоўным судзе. Матэрыялу, які з’явіўся на сайце Беларускага Радыё Рацыя дзесьці ў лістападзе, прыпісалі дату 8 студзеня 2015 года, і журналістка па адміністрацыйнай справе была асуджана за неакрэдытаваную дзейнасць, хоць тэрмін адміністрацыйнай справы ўжо даўно прайшоў. Такім чынам, змяніўшы дату матэрыяла, судовай інстанцыі ўдалося прыцягнуць журналістку да адказнасці.

Капітан ДАІ Сяргей Неліповіч агучыў у судзе ілжывую інфармацыю пра інтэрв’ю на сайце нашага радыё, – даводзіць Тамара Шчапёткіна. Тым не менш, журналістка засталася пакаранай штрафам у 40 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя