Лукашэнка падпісаў закон пра бюджэт на 2016 год



Аляксандр Лукашэнка 30 снежня падпісаў закон № 341 „Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год”. 31 снежня гэты фінансавы дакумент уключаны ў Нацыянальны рэестр прававых актаў, аднак тэкст яго пакуль не апублікаваны.

Таксама кіраўнік дзяржавы падпісаў іншыя законы з бюджэтнага пакета: „Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2016 год”, „Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі на 2016 год”, „Аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь на 2016 год”, „Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь”, а таксама „Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання”.

Як паведамляў раней БелаПАН, даходы рэспубліканскага бюджэту на 2016 год запланаваныя ў аб’ёме 180.590,2 млрд. рублёў. Гэта больш за чаканае выкананне бюджэту 2015 года на 9,6%. Асноўнымі крыніцамі падатковых паступленняў з’яўляюцца падатак на прыбытак, акцызы, падатковыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці. Расходы сфарміраваныя ў 163.417,9 млрд. рублёў, што вышэй за чаканае выкананне бюджэту 2015 года на 6,9%. Бюджэт сфарміраваны з прафіцытам у 17.172,4 млрд. рублёў. На абслугоўванне дзяржаўнага доўгу з бюджэту ў 2016 годзе плануецца выдзеліць больш за 20 трлн. рублёў. У праект бюджэту закладзена цана нафты ў 50 долараў за барэль.

Праект рэспубліканскага бюджэту быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні 17 снежня, у другім — 18 снежня. У гэты ж дзень вечарам законапраект ухвалілі члены Савета Рэспублікі.

belapan.by