Баранавіцкі актывіст шукае праўды па судах



Берасцейскі абласны суд не задаволіў скаргу грамадскага актывіста Рыгора Грыка з Баранавічаў. Пакінуў без зменаў рашэнне суда Баранавіцкага раёна, якое актывіст прасіў адмяніць.

Рыгор Грык

Рыгор Грык

Суд прызнаў актывіста вінаватым ў нецэнзурнай лаянцы на працоўным месцы ў дзень, калі той з’явіўся на працу ў паласатай робе, а таксама прызнаў Грыка вінаватым ў арганізацыі несанкцыянаванага пікета ў час прэзідэнцкіх выбараў, расказвае сам актывіст:

– Ні баранавіцкія суддзі, ні берасцейскі суд не захацелі разабрацца ў сутнасці справы і незаконна пакаралі мяне. Хоць ні па адной, ні па другой справе не вінаваты, што я і мой адвакат даказалі на судзе. Відавочна ўлада за кошт нас, такіх як я, папаўняе бюджэт краіны.

Рыгор Грык рыхтуе заяву на імя старшыні Берасцейскага абласнога суда. Ён не пагаджаецца з прысудам. Прыгадаем, што ў паласатай робе ён прыйшоў на працу ў знак пратэсту супраць таго, што яму не выдавалі спецвопратку, хоць ён у той час працаваў грузчыкам.

Беларускае Радыё Рацыя