Аляксандр Класкоўскі: Беларускім уладам давядзецца круціцца



Беларускі палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі падводзіць вынікі 2015 года. Паводле яго, гэты год даў кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку даволі лёгкую з тэхнічнага пункту гледжання перамогу на выбарах.

Аляксандр Класкоўскі

Аляксандр Класкоўскі

Хоць, адзначае эксперт, гэтая перамога насамрэч не была такой “элегантнай”, паколькі незалежныя сацыялогі сведчаць пра тое, што на выбарах Лукашэнка набраў крыху больш за 50%, а Таццяна Караткевіч – каля 23%:

– Разам з тым Лукашэнка чыста, так бы мовіць, тэхнічна працягнуў на пяць гадоў свае паўнамоцтвы і цягам гэтага перыяду галоўным ягоным ворагам будзе эканоміка. Тым болей, што афіцыйны лідар ужо выразна даў зразумець, што на рэформы ён не пойдзе. Але будуць ціснуць на яго знешнія крэдыторы, патрабаваць хоць нейкіх змен, будзе прыціскаць яго Масква шантажуючы крэдытам, і праціскаць такім чынам сваю авіябазу. То бок беларускім уладам давядзецца круціцца, як таму вужу на патэльні.

“Што тычыцца людзей, – працягвае Аляксандр Класкоўскі, – То паводле сацыялогаў, нягледзячы на незадаволенасць эканамічным станам, пратэстныя настроі не ўзрастаюць. Эксперт тлумачыць гэта тым, што людзі ня вераць у тое, што можна паўплываць на рэжым, а тым больш яго скінуць.

Беларускае Радыё Рацыя