Транзіт украінскіх тавараў толькі праз Беларусь
Адпаведны ўказ аб транзітных перавозках з Украіны ў Казахстан падпісаў Уладзімір Пуцін і ён ужо афіцыйна апублікаваны. ВВС нагадвае, што такое рашэнне было прынятае з-за таго, што з 1-га студзеня паміж Расеяй і Украінай перастала дзейнічаць зона свабоднага гандлю. Паводле ўказу Уладзіміра Пуціна, з тэрыторыі Беларусі ў Казахстан можна правозіць украінскія тавары на аўтамабілях і па чыгунцы.
На ўездзе на тэрыторыю Расеі кантэйнеры будуць абсталёўвацца спецыяльнымі „сродкамі ідэнтыфікацыі” — груз можна будзе адсочваць праз спадарожнікі. Кіроўцы аўтамабіляў з украінскімі таварамі атрымаюць спецыяльныя ўліковыя талоны. Як паведамлялася раней, з 1-га студзеня 2016-га году Украіна далучылася да зоны свабоднага гандлю з Еўрапейскім Звязам. Масква настойвае на тым, што гэтая дамова супярэчыць умовам, на якіх стваралася зона свабоднага гандлю паміж Расеяй і Украінай. У выніку, Расея прыпыніла яе дзеянне і ўвяла эмбарга на імпарт украінскіх прадуктаў.
Фота finance.obozrevatel.com