Міністэрства падаткаў да 1 жніўня складзе спіс «дармаедаў»
Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі сфармуе спіс тых, хто «не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржвыдаткаў» да 1 жніўня 2016 года.
Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміў міністр падаткаў і збораў Беларусі Сяргей Налівайка. «У міністэрстве будзе апрацаваная інфармацыя, якая паступае ад усіх дзяржаўных органаў ды іншых арганізацый, і да 1 жніўня сфармаваны спіс плацельшчыкаў збору. Тады мы і зможам сказаць пра колькасць грамадзян, якім будзе накіраванае паведамленне на аплату збору», — сказаў кіраўнік міністэрства.
Паводле звестак МПЗ, на 1 студзеня гэтага года добраахвотна падалі звесткі аб няўдзеле ў фінансаванні дзяржвыдаткаў 420 чалавек. Ім выстаўленыя да выплаты Br1,3 млрд.
«Тая катэгорыя, якая падлягае абкладанню зборам, зафіксаваная ў дэкрэце. Часавым адрэзкам для выплаты збору будзе з’яўляцца 2015. Асноўны крытэрый — 183 дні. Сярод непрацуючых грамадзян ёсць катэгорыі, якія не будуць выплачваць збор», — адзначыў Сяргей Налівайка.
Міністр таксама звярнуў увагу на тое, што, да прыкладу, у Расеі з’явіліся фірмы, якія прапануюць за грошы даведкі пра тое, што чалавек нібыта знаходзіўся на тэрыторыі РФ і выплачваў там падаткі. Такім чынам грамадзяне хочуць пазбегнуць адпаведнага плацяжу. «Мне б хацелася папярэдзіць людзей, каб яны не трацілі ні час, ні грошы. Мы жывем у 21-ым стагоддзі. Улічваючы, што ў нас вельмі добрыя стасункі з калегамі з Федэральнай падатковай службы — уся інфармацыя элементарна будзе правераная. Мы назіраем цяпер шэраг прадпрымальнікаў, якія ў Расеі атрымліваюць фіктыўныя дакументы, і вядзем дэталёвае высвятленне», — канстатаваў кіраўнік міністэрства.
Дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» быў падпісаны Лукашэнкам у красавіку 2015 года. Для яго рэалізацыі прынятая пастанова ўрада, якая рэгулюе парадак узаемадзеяння дзяржорганаў у фармаванні базы звестак плацельшчыкаў збору 20 базавых адзінак на «фінансаванне дзяржаўных выдаткаў».