“Што пераможа: сквапнасць ці страх?”



Магілёўскі прадпрымальнік Аляксей Валатка распавядае, што чакае ІП-эшнікаў у бліжэйшы час.

Нагадаем, што многія прадпрымальнікі па ўсё краіне пасля Новага году не выходзяць на працу, спасылаючыся на тое, што не ў стане працаваць па новых правілах.

Аляксей Валатка: Магілёўскія ІП-эшнікі – не выключэнне. Мы сядзім і чакаем, што будзе далей. У кожным гандлёвым цэнтры Магілёва на рынках працуюць па 3-5 кропак. У гэтай сітуацыі пытанне можна паставіць і такім чынам: “Што пераможа: сквапнасць ці страх?” Сквапнасць, бо з нечага трэба будзе плаціць за арэнду, а таму неабходна зарабіць хоць нейкую капейку. А страх, бо могуць прыйсці і ўсё адабраць. Яшчэ і штраф у “плечы” выпішуць. Вось зараз у прадпрымальнікаў менавіта такая дылема.

РР: А можа ІП-эшнікі не працуюць таму, што працягваюцца навагоднія святы? Ці гэта выключана?

Аляксеей Валатка: Пры чым тут навагоднія святы, калі народ тавар вывозіў у гэтыя дні са сваім гандлёвых кропак? Вось, напрыклад, возьмем гандлёвы цэнтр “Прэстан”. З 70 кропак толькі 20 пакінулі тавар на гандлёвым аб’екце. І то, напэўна, на свой страх і рызыку, бо невядома, як павядуць сябе сілавікі. Могуць жа прыйсці, усё забраць і сказаць, што суд будзе вырашыць лёс тавару. Ёсць ці няма ў вас дакументы – забяруць усё, спаслаўшыся на суд. Таму народ і баіцца. І на канікулы мы ніколі не забіралі тавар з гандлёвых аб’ектаў.

РР: Якія, на ваш погляд, ёсць варыянты далейшай работы для ІП-эшнікаў?

Аляксей Валатка: Думаю, адны, каму не трэба плаціць за арэнду, будуць сядзець і чакаць аж да сакавіка. А далей нават цяжка нешта спрагназаваць. Напэўна, паспрабуем працаваць праз беларускія аптовыя базы, але ж там зусім іншыя кошты. Ці будуць з такімі коштамі купляць тавар? На ўвесь Магілёў застанецца можа 10 прадпрымальнікаў, каб працаваць з такімі коштамі. А пра пакупнікоў улада падумала? Я заўсёды казаў і кажу, што беларусам у сваёй большасці не патрэбны дарагія сертыфікаваныя тавары. Ім патрэбна ўсё больш таннае. Чаму людзі не ідуць у вашы магазіны, у якіх усё сертыфікавана? Таму што ім гэта дорага на сёняшні дзень. Вы спачатку эканоміку стабілізуйце, заробкі зрабіце, як у Еўропе, а пасля прымайце еўрапейскія законы. А ў нас наадварот. Спачатку законы, а нармальныя заробкі – гадоў праз сто.

РР: Зараз бюджэт губляе ад таго, што прадпрымальнікі не працуюць?

Аляксей Валатка: Разумееце, калі ў вас з жонкай агульны бюджэт, то не мае сэнсу, хто патраціў грошы. Тое самае і тут. Для дзяржавы не важна, куды прынясе беларус грошы, якія ён не аддаў прадпрымальніку. Галоўнае, каб ён не вывозіў грошы з краіны. Але, калі раней ІП-эшнікі вывозілі валюту, каб закупіць тавар і прывезці яго ў Беларусь, то зараз беларусы самі масава пачнуць выводзіць грошы па-за межы краіны. І мяжу перакрыць немагчыма. Няўжо чыноўнікі не разумеюць гэтага?

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя