Кангрэс дэмакратычных сілаў: мэты і задачы



На 12 студзеня прызначана чарговая сустрэча аргкамітэта па правядзенні Кангрэса дэмакратычных сілаў. Паводле аднаго з арганізатараў, Мікалая Статкевіча, асноўная задача Кангрэса — кансалідацыя аднадумцаў, якія бачаць развіццё Беларусі ў еўрапейскім накірунку, без камуністаў і «гэбістаў».

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі адзначае, што Кангрэс нават калі і пройдзе  – то не будзе ў змозе што-небудзь змяніць.

– Сам па сабе Кангрэс нічога не мяняе. Мікалай Статкевіч, адзін з энтузіястаў склікання Кангрэса, ужо пачаў дзяліць апазіцыю. Сказаў, што камуністаў там не будзе, „гэбістаў” там не будзе, хоць разабрацца, хто „гэбіст”, а хто не, вельмі цяжка. Найбольш актыўна выступаюць за Кангрэс тыя людзі, якія не маюць сваіх рэальных структураў, той жа Статкевіч, той жа Някляеў, і яшчэ некалькі чалавек, у якіх няма актыву.

У першым паседжанні Кангрэса прынялі ўдзел апрача Міколы Статеквіча – Уладзімір Някляеў, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, экс-суддзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык. Рашэнні аргкамітэту ўзгоднены з былым старшынёй Вярхоўнага Савету Станіславам Шушкевічам.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя