Ва Украіне падаражаюць алкаголь, цыгарэты і бензін?
Сёлета ва Украіне чакаецца значны рост цэнаў на алкаголь, тытунёвыя вырабы і бензін. Гэтае падаражанне стала ці не самай абмяркоўваемай тэмай у краіне пасля Новага года.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Падаражанне наўпрост звязанае з падвышэннем акцызных збораў. Акцыз на піва павялічваецца ўдвая, на гарэлку – напалову, на слабаалкагольныя напоі – адразу на 300 %, а на тытунювыя вырабы – на 40 %.
Цяпер паўлітровая пляшка гарэлкі каштуе ва Украіне каля 55 грыўняў, што складае крыху больш за 2 даляры. Пляшка каньяку каштуе каля 80 грыўняў, то бок крыху даражэй за 3 даляры. Пасля падаражання гэтыя папулярныя ва Украіне напоі будуць каштаваць каля 70 і 100 грыўняў за пляшку адпаведна. Кошт піва падвышаецца з 9 да 11 грыўняў, кошт пачкі цыгарэт – на 1-2 грыўні.
А вось падвышэнне коштаў на бензін пакуль пад пытаннем. Акцыз на яго плануецца падвысіць на 13 %, але ж эксперты мяркуюць, што на фоне агульнага падзення коштаў на нафту яго можна будзе пазбегнуць.
Мяркуецца, аднак, што падвышэнне коштаў на алкаголь нанясе куды больш шкоды, чым прыбыткаў: крамны алкаголь проста перастануць купляць, а замест яго пачне масава гнаць самагон.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя