Павысіць пенсійны ўзрост з дапамогай прапаганды
Праз прапаганду ўлада будзе пераконваць да павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі.
Так у нашым эфіры палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі пракаментаваў сацыялагічную інфармацыю, на якую спасылаюцца беларускія чыноўнікі, маўляў, «большая частка насельніцтва гатовая да павышэння пенсійнага ўзросту на год». У прыватнасці, пра гэта заявіла загадчыца аддзела сацыялогіі сацыяльных інавацый Інстытута сацыялогіі Віялета Шухатовіч.
Класкоўскі заўважае, што не варта гэтыя папярэднія звесткі з 2013 года браць пад увагу ды лічыць, што пераконваць беларусаў да павышэння пенсійнага ўзросту будуць не сацыёлагі:
– Тут не столькі сродкамі сацыялогіі будуць дасягаць, таму што ў дзяржаўных інстытутах усё ж працуюць навукоўцы. Найперш будзе ўключана прапаганда. Па-другое, улада ўсё адно будзе гнуць гэтую лінію на павышэнне. Зразумела, што іншага выйсця няма. Гэта проста будзе нейкая гульня, таму што ўлада нібыта народная, як гэта так. Трэба зрабіць нейкую імітацыю.
Напрыклад, такое мерапрыемства, як “Народны сход” можа быць імітыцыяй абмеркавання і падтрымкі, – дадае Аляксандр Класкоўскі. А інстытут сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі рыхтуецца вывучыць меркаванне насельніцтва пра магчымае павышэнне пенсійнага ўзросту. Адмысловае апытанне яны плануць правесці ў сакавіку.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя