Ці вернуць Беларусі гандлёвыя прэферэнцыі?



Лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук адзначае, што паляпшэнне беларуска-еўрапейскіх адносін можа адбіцца і на гандлёвых прэферэнцыях.

Аляксандр Ярашук

Яшчэ ў 2003 годзе міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі звярнуліся са скаргай у Міжнародную арганізацыю працы (МАП), якая правяла расследаванне і пацвердзіла парушэнне правоў прафсаюзаў у Беларусі. Еўракамісія рэкамендавала краінам ЕЗ пазбавіць Беларусь гандлёвых ільготаў, бо краіна „сістэматычна сур’ёзна парушае асноўныя прынцыпы МАП, членам якой з’яўляецца”. Гэтае рашэнне было ўхвалена ў снежні 2006 года, але Менску далі паўгода, каб выправіць сітуацыю. Паколькі гэтага не адбылося, рашэнне ўвайшло ў сілу ў чэрвені 2007 года.

Паведамлялася, што для вяртання Беларусі гандлёвых прэферэнцы, урад павінен выканаць 12 рэкамендацый МАП. Сярод іншых – даць незалежным прафсаюзам магчымасць рэгістраваць свае пярвічныя арганізацыі, даць права працаваць нароўні з афіцыйнымі прафсаюзамі, спыніць пераслед грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці і забяспечыць усім прафсаюзным аб’яднанням права ўдзелу ў вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны…

Аляксандр Ярашук: Вяртанне гандлёвых прэферэнцый з’яўляецца часткай агульнай стратэгіі беларускіх уладаў у дачыненні стасункаў з Захадам, а таму нейкія целарухі афіцыйнага Менску ў гэтым накірунку робяцца. І мы не супраць гэтага. Можна толькі вітаць, напрыклад, што апошнім часам прайшлі некалькі семінараў па пытанні сацыяльнага партнёрства, дзе ішла размова пра тое, каб незалежныя прафсаюзы на ўсіх узроўнях былі задзейнічаны ў гэтым працэсе, каб не ажыццяўлялася дыскрымінацыя нашых арганізацый. Удзел у дыялогу па сацыяльным партнёрстве, у іншых афіцыйных мерапрыемствах – гэта добра.

РР: Адным словам, вы не выключаеце вяртанне гандлёвых прэферэнцый?

Аляксандр Ярашук: Відавочна, што ўсё гэта будзе акцэнтавацца на чарговай канферэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы ў чэрвені гэтага году, каб з’явіўся доўгачаканы запіс аб нейкім прагрэсе ў выкананні рэкамендацый МАП. Мы ведаем, як актыўна вядзе сябе беларуская дыпламатыя, якая акрэдытавана пры ААН, і, якія стасункі маюць дыпламаты з чыноўнікамі з Міжнароднай арганізацыі працы. Яшчэ раз паўтаруся – гэтыя намеры можна толькі вітаць, хоць у той жа час мы рэальна ацэньваем сітуацыю і кажам, што крокі, якія зрабіў беларускі ўрад – добра, але гэтага мала. Нават не мала, а мізерна ў параўнанні з тым, што трэба зрабіць уладам, каб спадзявацца на вяртанне гандлёвых прэферэнцый.

РР: Што ў першую чаргу вас не задавальняе?

Аляксандр Ярашук: Давайце скажам шчыра – незалежныя прафсаюзы па-ранейшаму знаходзяцца, так бы мовіць, у гета, у якім проста могуць палепшыць умовы існавання, але не больш за тое. Удзел у тым жа сацыяльным дыялогу – гэта невялікі крок, а прынцыповая праблема не вырашаецца. Мы не можам ажыццяўляць нашу галоўную функцыю. Мы і працоўныя краіны па сутнасці не маюць сёння права ствараць любыя прафсаюзы і быць па свайму выбару сябрамі любых прафсаюзаў, бо пры ўладкаванні на працу людзі пішуць заяву аб уступленні ў афіцыйныя прафсаюзы. Гэта нармальна, калі даецца даручэнне аб стварэнні афіцыйных прафсаюзаў у прыватным сектары эканомікі? З майго пункту гледжання, для таго, каб прэтэндаваць на прэферэнцыі, трэба найперш вырашыць пытанне аб свабодзе асацыяцый і свабодзе выбару працаўнікамі прафсаюзаў. Мы адзіная краіна на пастсавецкай прасторы, дзе патрабуецца рэгістрацыя для легалізацыі дзейнасці прафсаюзаў, таму будзем настойваць на вырашэнні гэтага пытання.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя