Рыгор Кастусёў: Калі партыя скажа “трэба” – пайду ў прэзідэнты ізноў
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў распавёў, як партыя рыхтуецца да з’езду, што мае адбыцца 13 верасня, і ці будзе ён другі раз запар балатавацца ў прэзідэнты.
Рыгор Кастусёў: Падрыхтоўка да форума ідзе нармальна, зараз праходзяць сходы ў рэгіёнах. А на самім з’ездзе вызначым сваю пазіцыю па ўдзеле ў выбарчай кампаніі-2015 і адбудуцца перавыбары кіраўніцтва партыі.
РР: Колькі прэтэндэнтаў на пасаду старшыні?
Рыгор Кастусёў: Пакуль аб’явіў аб тым, што будзе вылучацца, толькі дзеючы кіраўнік Аляксей Янукевіч. Але ж час яшчэ ёсць. Можа быць, у кагосьці і з’явіцца жаданне скласці яму канкурэнцыю.
РР: Фармат удзелу Партыі БНФ у прэзідэнцкіх выбарах яшчэ не вызначаны?
Рыгор Кастусёў: Пакуль не. Ёсць розныя погляды і прапановы сярод удзельнікаў сходаў у рэгіёнах, і з улікам усяго гэтага выпрацуем нейкую адзіную лінію.
РР: Якім вам бачыцца удзел у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў ідэале?
Рыгор Кастусёў: У ідэале – каб выбары і падлік галасоў былі насамрэч дэмакратычнымі. Але ж мы разумеем, што ў гэтым накірунку мала што зменіцца. Апазіцыі ў такой сітуацыі трэба імкнуцца, каб разам знайсці ўсё ж-такі таго адзінага кандыдата, які б аб’яднаў людзей. Задача-максімум на выбарах – гэта перамога, задача-мінімум – праца з насельніцтвам.
РР: Якія ўрокі з мінулых прэзідэнцкіх выбараў зрабілі для сябе асабіста вы, як кандыдат у прэзідэнты?
Рыгор Кастусёў: Галоўны ўрок – неабходна рэальная праца з рэальнымі людзьмі. І ўдзел нашай партыі ў выбарах-2010 было правільным рашэннем. Таму, калі апазыцыйныя структуры не прыйдуць да абрання адзінага, не выключаю, што Партыя БНФ ізноў вылучыць на выбары партыйнага кандыдата. Хоць, паўтаруся, у аснову ставім пошукі “адзінага”.
РР: Можа быць, вы з улікам мінулых памылак збіраецеся балатавацца і на гэтых выбарах?
Рыгор Кастусёў: Ведаеце, ёсць партыя і з’езд. А я – салдат партыі. Калі апошняя скажа, што мне трэба ісці ў прэзідэнты, я гатовы выканаць любое рашэнне партыі на яе карысць.
РР: А ўнутранае памкненне да гэтага ёсць?
Рыгор Кастусёў: Калі шчыра, вялікага жадання няма… Але ёсць рэчы, якія вышэй за асбістыя амбіцыі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя