У Чэхіі перакуліўся аўтобус з беларусамі (абноўлена)



Колькасць параненых у аварыі беларускага аўтобуса, якая мела месца каля Нахаду ў паўночнай Чэхіі 6 студзеня, узрасла да 16 чалавек, як піша svaboda.org.

3E00382A-D128-4AF0-B2B7-599DBF093DB3_w640_r1_s

Пяць пацярпелых чэшскія лекары лічаць як цяжка параненых, 11 адносяць да катэгорыі лёгка параненых. Яны знаходзяцца ў шпіталях у чатырох гарадах рэгіёна Градэц Кралавэ. 15-гадовыя хлопец і дзяўчына лічацца найцяжэй пацярпелымі. У дачыненні да хлопца на месцы аварыі лекары праводзілі рэанімацыйныя захады. У яго было зламана некалькі рэбраў і пашкоджаны лёгкія. Цяпер ён знаходзіцца ў стане штучнага сну і падключаны да апарату штучнага дыхання. Лекары адзначылі, што нягледзячы на тое, што Беларусь не знаходзіцца ў Еўразвязе, беларускім пацярпелым аказваецца ў чэшскіх шпіталях поўная дапамога, якая належыцца грамадзянам Чэхіі.

У паліцыі ў Нахадзе паведамілі, што пачата крымінальная справа ў дачыненні да кіроўцаў беларускага аўтобуса паводле артыкула аб «пашкоджанні здароўя праз нядбаласць». Алкагольны тэст датычна кіроўцаў даў негатыўны вынік. Астатнія пасажыры аварыйнага аўтобуса з’ехалі на іншым беларускім аўтобусе.

* * *

У Чэхіі перакуліўся аўтобус з беларускімі турыстамі. ДТЗ адбылося сёння каля поўдня на трасе паміж населенымі пунктамі Горжычкі-Чэскі Скаліцэ. Паводле папярэдняй версіі мясцовай паліцыі, кіроўца не справіўся з кіраваннем на заснежанай слізкай дарозе. У выніку аўтобус перакуліўся.

Аварыя

На аўтобусе ехалі 49 турыстаў – дзеці разам з бацькамі. Беларусы накіроўваліся з Прагі ва Ўроцлаў.

У Міністэрстве замежных спраў паведамілі аб тым, што ў выніку інцыдэнту шпіталізавана 15 чалавек, двое з іх – у цяжкім стане. Інфармацыі аб ахвярах пакуль няма. Турыстаў з сур’ёзнымі траўмамі ў бальніцы дастаўлялі на верталёце.

Тыя, з кім пасля інцыдэнту усё ў парадку, чакаюць адпраўкі ў Беларусь. Турыстычная кампанія адправіла за імі іншы аўтобус. Пакуль з людзьмі працуюць псіхолагі чэшскага МНС.