Як ва Украіне святкуюць Раство?



Вядома ж, святкаванні тыя праходзяць не зусім так, як у звыклай нам са школьных урокаў літаратуры “Ночы перад Раством” Мікалая Гогаля. Але ж пэўныя паралелі з гогалеўскай аповесцю правесці можна. Ёсць у цяперашняй Украіне і рэнегаты, якія ездзяць на паклон да маскоўскіх уладароў, і чэрці-клептаманы, здольныя скрасці нават месяц з нябёсаў, і уплывовыя вядзьмаркі, і нават Пузатыя Пацюкі, якія запрадалі свае душы д’яблу за гаршчок галушак…

Але ж ёсць і галоўнае: шматвекавыя калядныя традыцыі, якія так і не змаглі задушыць прыхадні, якія панавалі ва Украіне апошнія стагоддзі.

Як калядуюць на  Сівершчыне, памежнай з поўднем Беларусі? На якой мове спяваюць калядкі, чаго зычаць гаспадарам?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война прывітаў калядоўшчыкаў у Чарнігаве, а потым пагутарыў з этнографам Аляксандрай Сядзько:

Калядоўшчыкі: Ці можна закалядаваць?

РР: Калі ласка!

Калядоўшчыкі:

Добрий вечір тобі, пане господарю, радуйся!

Ой, радуйся, земле, Син Божий

Народився…

Застеляйте столи, та все килимами, радуйся!

Ой радуйся, земле, Син Божий

Народився…

Та кладіть калачи з яровій пшениця, радуйся!

Ой радуйся, земле, Син Божий

Народився…

Аляксандра Сядзько: Гэтай традыцыйнай украінскай калядцы, пэўна, гадоў трыста. Мяркую, што з’явілася яна яшчэ за казацкім часам. Менавіта гэтая калядка вельмі распаўсюджаная па ўсёй тэрыторыі Украіны. Праўда, у розных рэгіёнах яе спяваюць па-свойму. Ёсць варыянты шматгалосся, ёсць іншыя… Калі калядоўшчыкі прыходзяць у хату, яны традыцыйна пытаюцца: “А ці можна закалядаваць?” Адмаўляць нельга, бо калі хто не дазволіць, то ў яго будзе галодны год, і ўвогуле – галеча і няшчасце…

РР: А як увогуле ва Украіне традыцыйна святкуюць Раство?

Аляксандра Сядзько: Увечары ўсе ідуць у царкву. Калі вяртаюцца – гатуецца куцця, варыцца ўзвар. Калі ўзыходзіць першая зорка, то ўсе мусяць пакаштаваць і куцці, і ўзвара. Таксама трэба абавязкова пачаставаць і куццёй, і ўзварам калядоўшчыкаў. І толькі нараніцу, калі людзі сходзяць у царкву на літургію, усе сядаюць за стол. Гэты стол мае быць не посным, а багатым.

РР: За Саветамі з каляднымі традыцыямі зацята змагаліся і ў Беларусі, і ва Украіне. Але ж у вас тыя традыцыі захаваліся куды лепш, чым у нас. Чаму так?

Аляксандра Сядзько: На мой погляд, прычын некалькі. Па-першае, у нас усё ж было больш мясцовых кадраў, чым прыхадняў. І нават калі лектар з таварыства “Веды” чытаў нейкую атэістычную лекцыю, то потым ён проста заплюшчаў вочы на тое, што ягоныя дзеткі ішлі калядаваць… Ды і сам ён выдатна разумеў, што на сваіх лекцыях гаворыць бздуры! Па-другое, усе гэтыя традыцыі больш захоўваліся ў нашых вёсках. Калі ў 60-я гады ва ўкраінскія гарады пайшла плынь вяскоўцаў, якія працавалі на прадпрыемствах, то яны і прынеслі з сабою абрады Дзядоў… Не памятаю, каб гэтыя абрады неяк зневажаліся нават на побытавым узроўні.

РР: А ці было ў вас такое: маўляў, усе гэтыя калядкі ёсць прыкметай “калхазанства”, і для сучаснага гараджаніна такое не толькі непатрэбнае, але і ганебнае?

Аляксандра Сядзько: Так, з падобным можна было сустрэцца, але хіба што ў прамысловых гарадах за савецкім часам. Але ж калі Украіна атрымала незалежнасць, пайшла магутная хваля адраджэння нашых народных традыцый. То бок, “калгасам” нашыя абрады ўжо не называюць… Прынамсі, не сутыкалася з падобным. Спадзяюся, што традыцыі нашага народу будуць захоўвацца і надалей.

РР: Іншым разам у тым жа Чарнігаве можна пачуць калядкі і шчадроўкі і на ўкраінска-беларускай “трасянцы”, і нават на амаль чысценькай беларускай мове…

Аляксандра Сядзько: Сівершчына – гэта ўкраінска-беларускае сумежжа. У Рэпкінскім і Гараднянскім раёнах, напрыклад, ёсць вёскі, дзе гавораць і на ўкраінскай мове, і на беларуска-ўкраінскай трасянцы, і нават такія вёскі, дзе з аднаго боку размаўляюць на амаль чыстай беларускай мове, а з другога – на амаль чыстай украінскай. І дай Бог, каб такая ўнікальная моўная сітуацыя захоўвалася ў нашым краю і надалей!..

Украінцаў павіншаваў са святамі і Пётр Парашэнка. У віншаванні ўкраінскі прэзідэнт нагадаў эпізод з біблейскай гісторыі, прысвечаны цару Ірада: “І  колькі б кляты ўсходні цар не шалеў, у яго ўсё адно нічога не атрымалася”.

2016-01-08_achromienka_kaliady_ukraina

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя