Паэтка, якая марыла пра музей Ларысы Геніюш



9 студзеня зэльвенскай паэтцы Валянціне Ададуравай споўнілася б 75. Пражыла яна ўсяго 54. Пра паэтку і настаўніцу Елкаўскай сярэдняй школы Зэльвенскага раёна Валянціну Ададураву нагадвае сёння толькі адзіны зборнічак яе вершаў “Глыбінка”, які выйшаў з друку ў Слонімскай друкарні за год да смерці паэткі — у 1994 годзе.

IMG1

Па сваіх светаадчуваннях, светаразуменнях, манеры думаць і гаварыць Валянціна Ададурава была найперш вясковай, сялянскай паэткай. Яе любоў да роднага краю была настолькі магутнай, усеабдуманай, што, правёўшы дзяцінства, юнацтва ў вёсцы паэтка зрабіла яе галоўным героем у сваіх паэтычных радках. Свае вершы яна прысвяціла роднай слонімскай вёсцы Хадзявічы, зэльвенскім вёскам Шавулічы, Манцякі, Ялуцавічы, Елка, Крамяніца, родным краявідам і землякам. Уся істота паэткі была ахоплена такой нястрымнай любоўю да маленькай радзімы, што нічога, апроч яе, яна проста не магла ўспрымаць:

Гайдае рэчка тут ваду Знаёмымі ўсплёскамі. А я сцяжынкаю іду, А я прыспешваю хаду — Спаткацца з роднай вёскаю.

iz dackoj

Валянціну Ададурава вельмі хваляў і лёс роднай зямлі, мовы і народа, прыгажосць беларускай прыроды, пытанні маралі і міру. Пра гэта яна таксама пісала. Няўтольная прага любові да ўсяго блізкага, да гарадзенскага краю, Бацькаўшчыны, шчырых і добрых людзей гучалі ў яе мілых, адкрытых паэтычных радках. Вельмі часта перачытваю яе “Глыбінку” — зборнічак жаночых пачуццяў, захапленняў, радасці, дзе хораша апета родная зямля, якая, як магніт прыцягвала яе чуллівае сэрца. Чытаю яе вершы сёння і адчуваю, што без Беларусі ёй не было б спакою, не было б натхнення і святасці. Паэзія, землякі і родная зямля яе лячылі, суцяшалі, а паэтка іх апявала ў сваіх вершах. Гэтыя вершы Валянціна Ададурава пакінулам нам, як напамін пра яе, як наказ, як трэба любіць бацькоўскі кут, захапляцца ім, берагчы і шанаваць яго.

zbornik

А яшчэ Валянціна Ададурава марыла пра музей Ларысы Геніюш у Зэльве. Яна магла б смела яго ўзначаліць, арганізаваць, быць там дырэктарам і бясконца распавядаць пра Ларысу Геніюш. Шмат сваіх радкоў паэтка прысвяціла гэтай мужнай і таленавітай сваёй зямлячцы. Валянціна Ададурава вельмі перажывала смерць Ларысы Антонаўны:

Час веснавы, а Зэльвеншчына ў скрусе… Над Зэльвай цёплы красавіцкі дзень. Ідзем да Вас – ідзем да Беларусі, І верым – з вамі да яе дайдзем.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён