У Бярозе забаранілі пікет супраць расейскіх вайсковых базаў



Бярозаўскі райвыканкам у чарговы раз адмовіў праваабаронцам і грамадскім актывістам у правядзенні пікету 25 жніўня.

Пікет планаваўся з мэтай адзначэння ўгодкаў надання Дэкларацыі незалежнасці БССР статусу канстытуцыйнага закону. А таксама выказвання пратэсту супраць размяшчэння расейскіх ваенных базаў у Беларусі і патрабавання вызвалення палітвязняў, кажа адзін з заяўнікаў пікету праваабаронца Сяржук Русецкі:

– Гэтым разам выканкам заявіў, што да нашай заяўкі мы не даклалі копію дамовы з міліцыяй. Таксама яны спасылаюцца, што ў гэты час на гарадскім стадыёне дзіцячая спартовая школа ладзіць нейкае мерапрыемства. І калі атрымаецца ў судзе, што патрабаванне прыклаць копію дамовы з міліцыяй незаконнае, то ёсць другая падстава, што занята было. А пасля даказвай: было занята ці не было занята.

Паводле Русецкага, бярозаўская улада дзейнічае ў рамках падвойных стандартаў. Яна парушае канстытуцыйныя правы грамадзян, якія маюць іншую думку.

Ганна Васілевіч, Беларускае Радыё Рацыя