У Менску прайшоў форум прадпрымальнікаў (абноўлена)
У Менску прайшоў антыкрызісны форум прадпрымальнікаў, які сабраў, паводле звестак арганізатараў, прыблізна паўтары тысячы прадстаўнікоў малога бізнесу з больш чым 20 гарадоў Беларусі. Ад дзяржаўных органаў бралі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства гандлю і Міністэрства эканомікі. Нагадаю, што, паводе прэзідэнцкага ўказа №222, з 1 студзеня ІП павінны прадаваць тавары толькі з сертыфікатамі аб іх паходжанні і якасці. Прадпрымальнікі кажуць, што ў Расеі, адкуль у асноўным прывозяцца тавары, атрымаць такія дакументы практычна немагчыма. Таму з новага года ІП спынілі працу. Паслухаем меркаванні шараговых удзельнікаў форуму.
– На дадзены момант я не працую. І ўвогуле думаю закрывацца. Такіх, як я, тысячы. У многіх засталіся сем’і, якія трэба карміць. Ёсць і такія, якія праз некалькі гадоў пойдуць на пенсію. Яны таксама засталіся без сродкаў да існавання. Так што перадайце нашаму дарагому прэзідэнту, што трэба штосьці мяняць.
– Мой бізнес зараз у заняпадзе. Я не працую. Бо я цалкам залежу ад рынку: калі працуюць прадпрымальнікі – працую і я.
– Калі гэты форум не дапаможа, калі ўлады нас не пачуюць, то мы пойдзем на плошчу. Калі трэба будзе ісці на вуліцу – мы пойдзем. Нам трэба карміць нашы сем’і, нашых дзяцей. Людзі рэальна закрываюцца, бо няма іншых варыянтаў. Улады нас не чуюць. А гэта ж ненармальная сітуацыя. Так не павінна быць.
– Калі нічога не зменіцца – будзем штосьці думаць. На заводы дакладна не пойдзем, бо там і так няма працы.
Прадпрымальнік Алесь Макаеў заклікаў ІП-эшнікаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу. Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Таццяна Караткевіч прапанавала далучыцца да кампаніі “Гавары праўду” ды ўзяць удзел сёлета ў парламенцкіх выбарах. Былы палітвязень Мікалай Статкевіч заклікае прадпрымальнікаў адначасова падаць скаргі ў Адміністрацыю Лукашэнкі.
У сваю чаргу прадстаўнікі ўлады пагадзіліся цягам тыдня разгледзець сітуацыю, у якой апынуліся ІП.
Чарговы антыкрызісны форум адбудзецца 25 стузеня.
* * *
Індывідуальныя прадпрымальнікі, што не гандлююць з 1 студзеня на беларускіх рынках імпартнымі таварамі лёгкай прамысловасці, будуць чакаць да канца тыдня адказу Міністэрства гандлю наконт новых умоваў працы. Але да адказу выходзіць на працу не збіраюцца, нягледзячы на тое, што на Форуме ІП у Менску прадстаўнік Мінгандлю Андрэй Мяшкоў нагадаў пра адказнасць, якая прадугледжана за парушэнне ўстаноўленага рэжыму працы гандлёвых кропак.
Між тым, як паведаміў Беларускаму Радыё Рацыя сябар Рады «Перспектывы» Вячаслаў Піліпук, раённыя адміністрацыі настойліва просяць ІП прыйсці 12 студзеня на працоўныя месцы:
– Яны рассылалі факсы ўладальнікам гандлёвых цэнтраў, каб а 12-й гадзіне 12 студзеня прадпрымальнікі прыйшлі ў памяшканні адміністрацыі, дзе будзе вырашацца пытанне як працаваць ва ўмовах Указа №222.
Кіраўнік «Перспектывы» Анатоль Шумчанка кажа, што не ўбачыў гатоўнасці ўлады да дыялогу з ІП.
– Далейшыя дзеянні залежаць ад самых людзей. Або яны пакажуць, што не могуць працаваць, або наадварот. Улады лічаць, што прадпрымальнікі выйдуць на працу. Мы ж кажам, што працаваць не можам. Зараз усе хочуць упэўніцца ў тым, хто меў рацыю. Большасць прадпрымальнікаў не збіраецца працаваць.
Нагадаем, указ №222 патрабуе наяўнасці ў гандляроў сертыфікатаў адпаведнасці тэхрэгламентам Мытнага саюза, ІП кажуць, што ў Расеі, дзе правілы больш лаяльныя, ніхто ім гэтыя паперы не выдае. Між тым, адсутнасць дакументаў цягне за сабой канфіскацыю тавара і штраф.
* * *
Сітуацыю з беларускімі індывідуальнымі прадпрымальнікамі разгледзяць на ўзроўні ураду да канца бягучага тыдня. Пра гэта на антыкрызісным форуме прадпрымальнікаў у Менску заявіў прадстаўнік Міністэрства гандлю Андрэй Мяшкоў.
Фота TUT.BY: Андрэй Мяшкоў
У той жа час ён нагадаў ІП пра адказнасць, якая прадугледжана за парушэнне ўстаноўленага рэжыму працы гандлёвых кропак, калі яны заўтра не выйдуць на свае працоўныя месцы. Чыноўнік прапанаваў „Перспектыве” адправіць свае прапановы ў Грамадска-кансультацыйны савет пры Мінэканомікі.
Чыноўнік паведаміў, што сёлета Мінгандлю адправіў зацікаўленым дзяржорганам прапанову аб працягненні тэрмінаў устаноўкі плацёжных тэрміналаў гандлярам у сувязі з запланаванай на ліпень дэнамінацыяй.
* * *
У фае гатэля „Беларусь”, дзе сабралася прыблізна 800 чалавек, якія не трапілі ў канферэнц-залу, з ідэяй выйсці 16 студзеня на Кастрычніцкую плошчу сталіцы выступіў менскі прадпрымальнік Аляксандр Макаеў.
Лідар прадпрымальніцкага аб’яднання „Перспектыва” Анатоль Шумчанка папрасіў вывесці з гатэля Макаева і яго спадарожнікаў, якія заклікалі да пратэсту. Шумчанка не падтрымаў ідэю некаторых удзельнікаў форуму даць Макаеву слова. Замест гэтага лідар „Перспектывы” сам накіраваўся ў фае, каб данесці да прадпрымальнікаў планы і ідэі аб’яднання.
* * *
Больш за тысячу прадпрымальнікаў сабралася на антыкрызісны форум у гасцініцы «Беларусь». «Мяккая зала» гатэля не магла змясціць усіх ахвотных. Некалькі сотняў чалавек тоўпіліся ў фае, там нічога чуваць не было.
«Што там?» — «Ды фіг яго ведае». Калі ўзгадвалі прозвішча кагосьці з чыноўнікаў, то звычайна далей ішла нецэнзурная лексіка.
На сцэне тым часам красаваўся Анатоль Шумчанка, публічныя выступы гэта тое, у чым лідар «Перспектывы» пачуваецца вельмі камфортна. Шумчанка адразу стаў супрацьстаўляць «нас, народ» і «іх, чыноўнікаў».
Калі расказваў пра сустрэчу з намеснікам міністра эканомікі, то сказаў: «Ваш прэзідэнт кажа, што трэба ісці ад жыцця». «Не трэба крыўдзіцца на народ, іншых людзей у вас не будзе», — сказаў Шумчанка, звяртаючыся да ўладаў.
«Нам патрэбныя перамовы з урадам», — гэтыя словы выклікалі апладысменты ў зале.
«Крамам канфіскату Кіраўніцтва справаў прэзідэнта патрэбныя новыя тавары». Зала зноў узрываецца воплескамі. Прысутныя дастаткова бурна рэагавалі на ўсё, што адбываецца на сцэне. З зала час ад часу гучала абурэнне, што прадпрыемствы «Марка» нядаўна выдзелілі буйны крэдыт усяго пад 3%. «А хто нам дасць?» — крычаць людзі.
Шумчанка кажа, што ўказ №222 аб сертыфікацыі тавараў стварыў «сацыяльны канфлікт» у грамадстве.
Другой важнай праблемай ён называе канфіскацыю тавараў, агучваецца патрабаванне спыніць канфіскацыю. Трэцяе патрабаванне — зменшыць падаткі, пакуль заробкі не дасягнуць 1000 даляраў. Шумчанка намякае, што прадпрымальнікі могуць пайсці на збор подпісаў для правядзення рэферэндуму. «Няўжо мы не збяром 50 тысяч подпісаў?». «Збяром» — шматгалосна адказвае зала.
А напрыканцы сваёй палымянай прамовы лідар «Перспектывы» сказаў, што ўсё ж 80—90% працэнтаў ІП-шнікаў маглі б працаваць з сертыфікатамі, а іх абурае менавіта канфіскацыя прадукцыі падаткавікамі.
Наступным на сцэну падымаецца намеснік міністра гандлю Андрэй Мяшкоў.
Мяшкоў кажа, што патрэбна ствараць перамоўную групу на базе Міністэрства эканомікі, чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепш. Мяшкоў, у сваю чаргу, назваў тэму «крыватачывай праблемай».
Святлана Калачова з Гомеля ад «імя ўсіх ІП» звяртаецца да Лукашэнкі «як да галавы нашай дзяржавы».
«У нашай краіне вялікая праблема, толькі вы можаце яе вырашыць. Мы, індывідуальныя прадпрымальнікі, не можам здзяйсняць ад 1 студзеня сваю дзейнасць. У нас няма магчымасці пераходзіць на новую сістэму. Як можна параўноўваць супермаркеты і індывідуальных прадпрымальнікаў. ІПэшнікі засталіся без сродкаў. Вам няверна чыноўнікі прадстаўляюць інфармацыю. Каму выгадна сутыкаць ваш народ з уладай? Аляксандр Рыгоравіч, умяшайцеся ў сітуацыю. Пачуйце нас, калі ласка», — у канцы выступу Калачова падняла свой беларускі пашпарт.
Усе людзі сустрэлі гэта воплескамі і крыкамі «Адмена».
Фота Сяргея Гудзіліна
***
У Менску, у гасцініцы „Беларусь” праходзіць антыкрызісны форум прадпрымальнікаў. Яго арганізуе рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне Перспектыва. Яно адправіла звароты на імя прэм’ер-міністра і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта з прапановай правесці перамовы „на пляцоўцы” форума „ў мэтах вырашэння вострага канфлікту ў прадпрымальніцкім серадовішчы”, піша Еўрарадыё.
Таксама грамадскае аб’яднанне заклікала мясцовыя ўлады правесці шырокія кансультацыі з прадпрымальнікамі на месцах „па сітуацыі з прыпыненнем працоўнай дзейнасці, у сувязі з немагчымасцю выканаць законы, якія рэгулююць прадпрымальніцкую дзейнасць”. „Перспектыва” папярэджвае чыноўнікаў пра негатыўныя наступствы для эканомікі Беларусі і для беларускага грамадства. Падкрэсліваецца, што „пустыя рынкі і гандлёвыя цэнтры — гэта свядомы працоўны сацыяльны пратэст прадпрымальнікаў”, а не „калядныя канікулы”, як заяўляюць некаторыя чыноўнікі.
Цалкам зварот можна паглядзець на сайце „Перспектывы”.
З 1 студзеня 2016 года ІП павінны прадаваць тавары толькі з сертыфікатамі аб іх паходжанні і якасці. Прадпрымальнікі кажуць, што ў Расеі, адкуль у асноўным яны прывозяцца, атрымаць такія дакументы практычна немагчыма. Таму многія спынілі працу. „Перспектыва” неаднаразова звярталася да ўладаў з прапановай абмеркаваць праблему і знайсці яе рашэнне.