Кожны 10-ы выпадак ужывання псіхатропаў смяротны
Паводле даследаванняў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, кожны дзясяты выпадак ужывання псіхатропных рэчываў на Беларусі мае смяротны вынік. Асабліва небяспечна сітуацыя выглядае яшчэ і таму, што ахвярамі сінтэтычных наркотыкаў звычайна становяцца непаўнагадовыя. Істотнае амаладжэнне кантынгенту наркаўжываючых у краіне носіць небяспечны характар, таму на думку чальца каардынацыйнага савета па ўзаемадзеянні з Глабальным фондам Ганны Ткачовай, гэтай праблеме варта надаць асаблівую ўвагу:
– Вельмі б хацелася звярнуцца да бацькоў нашых падлеткаў: будзьце ўважлівымі, асабліва, калі гэта дзіця 12-15 гадоў. Частымі сталі выпадкі, калі дзеці ў 8-10 год пачынаюць ужываць псіхаактыўныя рэчывы. Іх ім даюць больш старэйшыя дзеля цікаўнасці – а што будзе з ім, калі ён паспрабуе вось гэткую „вітаміначку”?
У мінулым годзе супрацоўнікі беларускай міліцыі канфіскавалі больш за сто кілаграмаў псіхатропных рэчываў і выкрылі сем лабараторый, якія выраблялі сінтэтычныя наркотыкі. Намаганнямі праваахоўнікаў спыненая дзейнасць больш за дзевяноста інтэрнэт-крамаў, якія прадавалі наркотыкі і псіхатропныя рэчывы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ont.by